epub
 
Падключыць
слоўнікі

Янка Купала

Пойдзем...

Пойдзем, сушачы вечных крыві й слёз разводдзе,

К лепшай долі з вялікай надзеяй,

Пойдзем, пойдзем туды, адкуль сонца ўзыходзе,

Адкуль вецер прыветлівы вее.

 

Пойдзем, кінуўшы скаргі, а дружна і смела,

Вайну ворагам выдадзім дужым,—

Пойдзем, пойдзем усе на вялікае дзела,

Досыць гніць у сне марным, ланцужным.

 

Пойдзем шчасце сабе будаваць небылое,

Пакуль крэпкі і вера, і сілы,—

Пойдзем, пойдзем крышыць ўсё абманнае, злое,

Будзіць праўду паўстаці з магілы.

 

Пойдзем, ўзяўшы за сцяг свой і роўнасць, і згоду,

Жыцця лепшага покуль не знойдзем,

Пойдзем, пойдзем сабе здабываці свабоду,

Як адзін, як адзін дружна пойдзем!

 

27 лістапада 1906




Беларуская Палічка: http://knihi.com