epub
 
Падключыць
слоўнікі

Янка Купала

Поле роднае

Ты і пелікай,

Ты і каменем

Апрыгожылась,

Поле роднае.

 

Ты і вёскаю,

Ты і горадам

Абнядолілась,

Поле роднае.

 

З непагодаю

І з няўродаю

Ты змагаешся,

Поле роднае.

 

Хоць куды, куды

Ты багатае,

Ты і ўбогае,

Поле роднае.

 

Ты багатае

Горам, слёзамі,

Ты убогае

Шчасцем, доляю.

 

Ашалелыя

Віхры носяцца

Над табою век,

Поле роднае.

 

Людзі мучацца

Беспрасветнасцю,

Праклінаючы

Поле роднае.

 

Гэй, папраўся ты,

Адмяніся ты,

Разбудзіся ты,

Поле роднае!

 

1907




Беларуская Палічка: http://knihi.com