epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Купала

Працуй

Працуй, бедачышча, гаротна,

Ці прэеш ад поту, ці мерзнеш!

Гні плечы свае ты ахвотна,

Бо прыйдзе гадзінка — і шчэзнеш.

 

Ой, шчэзнеш, а толькі не бойся,

Што ўжо і засыпяць зямлёю:

Як з горам у дружбу завёўся,

Яно йшчэ паходзіць з табою.

 

Цяпер, малады і ахвочы,

Ты рвешся, як птушка там з клеткі,

Да працы і ўдзень, і уночы,

Дый зможа крывавы труд гэткі.

 

Без часу прыжме, апануе

Цябе неадчэпная старасць

І моладасць скрыша ўдалую,

Адгоне ад працы няздарасць.

 

Пахіляцца плечы ад горбу,

Удушша дыхнуць не пазволе,

Надзенеш старэцкую торбу

І пойдзеш у свет, на прыволле.

 

А мусіш жа ўперад наўчыцца

Ты пацераў доўгіх, дзядоўскіх,

Бо як не патрапіш маліцца,

То выганяць гэткага з вёскі.

 

Ты мусіш наўчыцца, бо маці

Даўжэйшых наўчыці не ўмела,—

Ды ў беднасці часу ці ж хваце

За гэткае браціся дзела.

 

Дык вось, як узброішся гэтак

У пацеры, торбы і пугі,

І ў рваны старэцкі адзетак,—

Павер, будуць брамы на ўслугі.

 

З пагардай, як лішняй сабацы,

Швырнуць табе лустаю хлеба;

Дзіця цябе будзе пужацца,

Пачне непагодай выць неба.

 

А ты?.. Ты цані й гэту працу,

Хоць збыцца яе і нялёгка;

Не йдзі жабраваці к палацу,

Бо стуль цябе выгане лёкай.

 

[1905-1907]


[1905-1907]

Тэкст падаецца паводле выдання: Купала Я. Поўны збор твораў. У 9 т. - Т. 1. Вершы, пераклады 1904-1907. Мн., Маст. літ., 1995. -462 c. [4] л. іл.
Крыніца: скан