epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Купала

Прафесару Б. Эпімах-Шыпілу з Новым 1910 годам

Дружным ходам, год за годам

Зважна ўдаль ідзе, брыдзе:

То заплача, то заскача

У вечным ходзе, ў чарадзе.

 

І «дзевяты» сходзе з хаты,

Кіне наша поле, луг;

Як на слова, годзік новы

Новых дзён вядзе ланцуг.

 

Зрокся трону і кароны

Сумны, трудны той «Стары»,

«Новы» сядзе на пасадзе

Да сваёй гуляць пары.

 

Што прыносе: ці калоссе,

Ці благое зелле нам?

Сіл не маю, не згадаю,

Як пяройдзе — скажа сам.

 

З гэтым «Новым» шчырым словам

Я віншую ў добры час:

Жычу Вам я не сканання

Год без ліку жыць між нас!

 

Між сваімі ці чужымі

Жыць ды шчасця нажываць;

Далей знанне, прасвітанне,

Як дагэтуль, засяваць!

 

Бо далёка, з рукі лёгкай,

Вольны, ясны мкне прасвет;

Будзе ўнуку жыць не штука,

Лягчэй будзе, як жыў дзед.

 

Глянуць зоры на прасторы,

Сонца стопіць путаў лёд;

К нам у сваты, з хат у хаты

Смела гляне новы ўсход.

 

Так, хто праўдай, чынам, радай

Ходзе спольна ў грамадзе,

Гоне ўпрочкі цемру ночкі,

Як ніколі, як нідзе.

 

За ўсю ж працу ні палацаў,

Ані скарбаў не чакай;

Толькі будзе славы ў людзе,

Славіць будзе родны край!

 

А хтось гікне, дзіка рыкне

На бліск сонцавы жывы,—

Гэта стогны гадзін чорных,

На світанні крык савы.

 

Дружным ходам, год за годам,

Чараду затопе дзён,

З імі зводы, непагоды,

З імі ўсё міне, як сон.

[1909]


[1909]

Тэкст падаецца паводле выдання: Поўны збор твораў. У 9 т. - Т. 2. Вершы, пераклады 1908-1910. - Мн.: Маст. літ., 1996. -342 с. [4] л. іл.
Крыніца: скан