epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Купала

Прафесару п. Б. Эпімах-Шыпілу

(З прычыны пажару ў яго маёнтку)

Не смуціся, панок, што няшчасце прыйшло:

Як прыйшло, так і пойдзе ад Вас...

Што ж рабіць, калі гэтак пляцецца жыццё,

Несучы нам цярпенне падчас.

Хатку спаліць агонь, хмарка град прынясе —

Мы цярпім, пацярпім, зноў жывём;

Час, вялікі лекар, гоіць раны усе,—

Што жыло — заўтра робіцца сном.

Нешчасней ёсць ад нас людзі ў гэтым жыцці:

Ў іх ні поля, ні хатак няма,

Точуць вечна з бядой барацьбу ў беспуцці;

Так марнее душа не адна.

Ў Вас не тое: бяда ў знак не дасца ўжо Вам:

Вы — з навукай,— з ёй к шчасцю лягчэй...

Прытым — больш мае Бог, як раздаў нам, людзям;

Не забудзе Вас ласкай сваей.

Светлым зробіць, як сонца, ўсё Ваша жыццё,

Асалодзіць пацехай не раз.

Толькі кінь, панок, жаль, што няшчасце прыйшло...

Як прыйшло, так і сыдзе ад Вас.

1910


1910

Тэкст падаецца паводле выдання: Поўны збор твораў. У 9 т. - Т. 2. Вершы, пераклады 1908-1910. - Мн.: Маст. літ., 1996. -342 с. [4] л. іл.
Крыніца: скан