Праз гультайства, праз нядбальства
Шмат чаго гублялі мы:
Ад падданства, ад начальства,
Як начныя ніклі цьмы.
Сабе самі ўгаварылі,
Што не ў моцы збыць бяды,—
Без падпалкі так варылі
Сабе кашу ў ненаўды.
Лазма лезлі самі ў нерат,
Як бы гнаў хто у каршэль,—
Тыц ды мыц — ні ўзад ні ўперад,
Збілі сцежкі на кісель.
І ані, каб зварухнуцца,
Азірнуцца навакол,—
Заляглі, бы ў ступе груца,—
Той не хоча, а той квол.
А ўжо час працерць, здаецца,
Вочы хоць бы кулаком
І заняць у куце месца,
А не недзе за вуглом.
Не хадзіць жа век у прочкі
Ад сябе, не знаўшы дзе;
Быць затычкай пустой бочкі —
Сорам вольнай грамадзе!
1926