epub
 
Падключыць
слоўнікі

Янка Купала

Самалёту «Максім Горкі»

І не ад варожае кулі у бітве,

І не ад халоднай палярнай пургі,

І не з перуном агнявым ў барацьбе

Загібла ты, птушка савецкай зямлі.

 

Да жудкай няшчаснай смяротнай пары,

Пад неба, дзе сонейка, быў твой палёт,

Табой ганарыўся малы і стары,

О слаўны, о ясны гігант-самалёт.

 

Ляцеў ты — нямела людская журба,

Ляцеў ты — пужліва ўцякалі імглы,

Над рэчкай галоўку хіліла вярба,

Зайздросна з вышынь пазіралі арлы.

 

Сягоння ў жалобе радзіма мая

Па страце, якая абегла ўвесь свет...

Вялікая ж наша працоўных сям’я

Ўжо кліча да новых геройскіх пабед.

 

Героі, што згінулі разам з табой,—

Іх памяць пяройдзе з табою ў вякі:

Калгаснік успомніць пра вас за сяўбой,

Заводаў і фабрык успомняць гудкі.

 

Наперад, наперад, на захад і усход.

Зноў да перамог, як адзін, як адзін...

Ёсць партыя, Сталін, свабодны народ,

Народ гераічны савецкіх краін.

 

1935




Беларуская Палічка: http://knihi.com