epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Купала

Шчасце

І
II
ІІІ
IV
V
VI
VII


І

Ты гаворыш, суседзе, што на свеце ўсё едзе

Крыва, накас, не так, як патрэба,

І што ў гэтай круцёле вінна нашая доля

І то сонца, што свеце нам з неба.

 

Эй, смяешся ты хіба, мой гаротны Кандыба,

Растлумачу я ўсё тут іначай:

Самі мы вінаваты ў нашай долі праклятай,

Ў тым, што век мы бядуем ды плачам.

 

Глянь, во англік ці немец! — яны ўсё ўмеюць скеміць,

Ім і шчасце і радасць пакорны;

Мы ляжым, як мядзвёдкі, як гнілыя калодкі,

І нас топча, хто болей праворны;

 

Спім сабе, ані дбаем, палягчэння чакаем,

Быццам з неба нам зваліцца тое;

За нішто сходзяць сілы, прыбываюць магілы,

Штораз меней прастору, спакою.

 

Дзе ні кінеш ты вокам, прэцца ўсё шыбкім крокам,

К чамусь рвуцца, штось хочуць народы;

Калі ж з нас хто прачнецца, то яму ўжо здаецца...

Але слухай адной вось прыгоды.

 

 

II

Пад гайком, пры дарожцы, знаў я хлопца у вёсцы,

На сяло ўсё быў гэты дзяціна;

Дужы, стройны, прыгожы, працу ўсякую зможа,

Ласку меў не ў ваднэй і дзяўчыны.

 

Кажуць, хто з доляй зжыўся, той у чэпку радзіўся,

Янка мой, знаць, яшчэ і ў кашулі:

Бацька, маці любілі, з кніжкай знацца наўчылі,

Часта грош які меў і на гулі.

 

Ён адзін у іх дзетак, дык не дзіва, што гэтак

Папясціць яго часам любілі,

Пакуль з гэтых пяшчотаў не спагнаў той ахвоты,

Пакуль злы яго дух не асіліў.

 

Стаў глядзеці ён крыва на хаціну, на ніву,

Стаў глядзець ён ні хамам, ні панам:

Стала стыдна сярмяжкі, пры сасе працы цяжкай,—

Пацягнула яго ў край нязнаны.

 

І адной вось нядзелі, толькі ўстаўшы з пасцелі,

Стаў збірацца наш Янка ў дарожку;

Дарма маці хліпоча, дарма бацька біць хоча,

Ён спыніўся з хатомкай за вёскай.

 

ІІІ

І пайшоў ў свет шырокі, у свет няпэўны, далёкі,

Ад дамашняй шукаць лепшай долі,

А свет, знаеш, мой братка,— то не родная хатка:

Усяго ў ім зазнаеш даволі.

 

Мы, вясковае племя, менш пры чарцы задрэмем,

А як прыйдзе лоб ставіць прашкодзе,

То тады, як уночы, толькі лыпаюць вочы,

Гінем марна, як крыгі ў разводдзе.

 

Не скажу, каб мой Янка шэльмай быў безустанку;

Ў той жа час за сялом зажурыўся,

Бо хто ж ёсць так нягодны, не заплача па роднай,

Па старонцы, дзе ўзрос, дзе радзіўся?

 

Калі выйдзеш, дарогаў туды-сюды — ой, многа!

Толькі наш брат іх выбраць не ўмее,—

Ходзе, мерыць штосілы — бач і блудзе, аж міла,—

Меў надзею, згубіў і надзею.

 

Гэткіх сцежак меў спорна і мой зух непакорны,

Як та рыба, не раз аб лёд біўся,

Піў насмешкі і слёзы, быў і п’ян, і цвярозы,

Жыў на возе, пад возам круціўся.

 

 

IV

Збеглі многія леты за час доўгенькі гэты;

Многа хмар пераехала небам;

Той радзіўся, хрысціўся, той навек паваліўся,

Той шоў з хаты за шчасцем, за хлебам.

 

Лет дзесятак нялёгка пражыў Янка далёка

Ад месц тых, дзе яшчэ бегаў дзіцем,

Але дзе ён ні ходзе, нуда песню заводзе,

Не дае свайго кута забыці.

 

З нізкай прызбай хацінка, шнур з вясёлай збажынкай,

Ці шуміць лес, ці рэчка плюскоча,

І зямелька, і зоры,— ўсё аб родным гавора,

Спаць не раз не даюць і уночы.

 

Жыў і ўсё ж не спаткаўся з доляй той, к якой рваўся,

Ці не лепей было сядзець дома?

І сабраўся ў дарогу к свайму Янка парогу,

Не гаворачы слова нікому.

 

Ідзе, ногі змяняе, ў сэрцы радасць такая,

Песняй свойскай душу пацяшае;

Толькі горы, і долы, і паляны, і сёлы

Ўсё чужыя з падскокам мінае.

 

V

Эй, вы, родныя нівы! Эй, ты, бор гутарлівы!

Эй, вы, ўбогія родныя вёскі!

Вас да самай магілы любіць трэба штосілы,

З вамі гэтак прыгожы свет боскі!

 

Нашто скарбы чужыя, калі дома такія

Ўвакруг з нашым жыццём зіхацяцца?

Толькі трэба умеці злое ўсё адалеці,

Толькі трэба бядзе не давацца.

 

Працай шчырай і знаннем гору справім скананне;

Праўдай лёгка няпраўду змагаці,

І на вузкіх на гонях пры сваіх валах, конях

Ой, шмат можна чаго даказаці!

 

І ты, брат слёзнавокі, што ў свет рвешся далёкі,

Вазьмі толькі кругом агляніся!

Ці ж не праўда, як сонца, што мы ў нашай старонцы

З усім неяк зрасліся, зжыліся?

 

Пух сняжаны зімою, шчэбет птушак вясною,

Летам поля краса, шум ігрушы;

Ўвосень спелая ўрода і шнуркоў, і гародаў,

Гэта ўсё толькі камня не ўзруша.

 

VI

Прэць Янук пехатою,— свой кут не за гарою;

Сэрца б’ецца, як выскачыць хоча.

Вот і вёска, вот брама, стаіць хатка таксама!

Вот вайшоў, «пахвалёны» бармоча.

 

К яму зараз у хаце: «Чаго хочаш, мой браце?

Як відаць, мусіць, ты заблудзіўся».

Янка глянуў, аж млее, пытаць смее, не смее:

«Людцы добрыя, я тут радзіўся! *

 

Тут мая... наша хатка, тут мае — бацька, матка,

Мая моладасць тут уплывала».

А яму зноў знянацку: «На тым свеце твой бацька,

Ўтрымаць хатку сіл матцы не стала.

 

Яна ходзе, жабруе, пад вугламі начуе,

Ўспамінае і мужа, і сына.

Ну, чаго так стаў бледны? Бачым — бедны, ты бедны!

А ўсё ж месца няма тут, дзяціна».

 

Як кляшчамі, няміла Янку штосьці здушыла;

Выйшаў з хаты са слоўцам «бадзяка»

І на прызбу зваліўся, слязьмі горка заліўся,

Аж груган недзе ў высі закракаў.

 

 

VII

Плача Янка крывава,— думкі, шчасце і слава

Недзе збеглі у чыстае поле; —

Ціха ўстаў, азірнуўся і —ў карчомку папхнуўся

Заліваць сваю долю-нядолю.

 

Заліваў, ды не надта, знаць, з нудой мог праклятай

Ваяваць сваім сэрцам збалелым;

Гнуўся, штораз — то ніжай, пад жыцця цяжкім крыжам,

Аж змарнеў так душою і целам...

 

Было, помню я гэта, на пачатку штось лета;

Ўся зямля хараством красавала:

Поле кветка здабіла, неба птушка хваліла,

Пры жывёле жалейка іграла.

 

Я шнурок свой абходзіў, прыглядаўся уродзе

(Мой надзел быў ля самай дарогі);

Бачу — гмін люду пхнецца, а з ім Янка пляцецца —

Толькі ў путах і рукі, і ногі...

................................................................................

Цяпер думай, што воля — вінен Янка ці доля?

Дзе тут шчасце — за хатай ці ў хаце;

Самі шмат мы ў праклятай славе той вінаваты,

Што не ўмеем злой долі змагаці.

 

[1906-1910]


[1906-1910]

Тэкст падаецца паводле выдання: Поўны збор твораў. У 9 т. - Т. 2. Вершы, пераклады 1908-1910. - Мн.: Маст. літ., 1996. -342 с. [4] л. іл.
Крыніца: скан