epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Купала

Шчасце

Мы гонімся часта за мараю блуднай,

Якая ў нас шчасцем завецца.

Дый трудна яе нам злавіці, ой, трудна,

Хоць блізка, туж блізка, здаецца...

 

Аднымі рай-шчасце завецца багацце,

Што свеціцца грошы машонкай;

Другімі — парадак і згода у хаце,

А іншымі — ўдалая жонка.

 

Той рвецца да славы шырокай, вялікай.

Той — жыці нязнатна, як дзеці;

Той — песняй азвацца нясвойскай і дзікай,

Той — родную думку запеці...

 

І роім у думках так цэлымі днямі,

Ды шчасце не роіцца ройна...

А слёзы другіх, што ліюцца прад намі,

Ці ж могуць даць спаць нам спакойна?..

 

18 жніўня 1906


18.08.1906

Тэкст падаецца паводле выдання: Купала Я. Поўны збор твораў. У 9 т. - Т. 1. Вершы, пераклады 1904-1907. Мн., Маст. літ., 1995. -462 c. [4] л. іл.
Крыніца: скан