epub
 
Падключыць
слоўнікі

Янка Купала

Сяброўцам па долі

Покі маю ад сэрца патолі,

К нам нянавісць грудзей не крываве,

Думы рвуцца і к шчасцю, і к славе,—

Я слуга ваш, сяброўцы па долі.

 

Свойскай песняй у слоў родных цвеце

Я хачу, што ў душу мне нагоне,

З вашых хат, з вашых спочаных гоняў,

Вашу долю, нядолю апеці;

 

Несці пад саламяныя стрэхі

Ва ўсё веру, што шчасцем быць можа,

Што надзеі цвісці дальш паможа;

Эй, хачу быці рэхам пацехі!

 

І во ў гэтакай службе, паходзе,

П’ючы слёзна жоўць крыўдаў, прытыкаў,

Платы з вас не жадаю вялікай,

От, іскрынку прывету — і годзе!

 

А сканаю, злучуся з зямлёю,

Вы курган мне насыпце высокі,

Бо, як будзе мой дол неглыбокі,

Не знайду і па смерці спакою.

 

[1906-1910]




Беларуская Палічка: http://knihi.com