epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Купала

Сядзь тут пад крыжам

Сядзь тут, пад крыжам, сядзь, аддыхні!

Змучаны, браце, дарогай!

Ты без аддухі многія дні

Шоў сіратою паміж людзьмі,

Ждучы спачынку з трывогай;

 

І не знайшоў ты друга нідзе,

Што запрасіў бы ў хаціну,

Дзе б ты забыўся аб горкай бядзе,

Што за табою з горам ідзе,

Дзе б аддыхнуў ты часіну.

 

Дзе б табе далі цёплы куток,

Каб не калеў на марозе;

Каб не млеў, хлеба далі б кусок,

Веры і сілы дзе б ты, дружок,

К дальшай набраў бы дарозе.

 

І не знайшоў ты хаткі такой;

Дальш ісці мала ўжо сілы;

Сядзь тут, пад крыжам, браце ты мой!

Тут як спачнеш ты з бурлівай душой,

Дойдзеш лягчэй да магілы.

 

[1906-1910]


[1906-1910]

Тэкст падаецца паводле выдання: Поўны збор твораў. У 9 т. - Т. 2. Вершы, пераклады 1908-1910. - Мн.: Маст. літ., 1996. -342 с. [4] л. іл.
Крыніца: скан