Нарэшце па віхрах, па сцюжы
Заглянуў вясенні прасвет;
Ці чуеш, ці бачыш, мой дружа,
Як іншы, як лепшы стаў свет?
Ці бачыш, як неба міргае,
Як траўкай смяецца зямля?
Ці чуеш, што кум-лес нам бае?
Уцям, колькі ў рэчцы жыцця.
А глянь ты на вёску на нашу,
На браццяў забытых у ей,
Я знаю, як доля іх страша
І колькі ім зводзіць надзей.
Во Сёмуху выйшлі спаткалі,
Надзелі святочны убор,
Зялёнай галінкай уткалі
Святлічку, і ганак, і двор.
І цешацца людзі, як дзеці;
Сягоння труд скінуўся з рук,
Хоць заўтра на белым на свеце
Ах, колькі чакае іх мук!..
[1911]