epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Купала

Шлях мой...

Шлях мой не сцелецца сонцам і кветкамі,

Гладкай, павабнай не лёг раўніной,—

Паміж няўдалымі ўецца палеткамі,

Ўецца зімой і вясной.

 

Вечар і ночка закрылі мне раніцу,

Ўхуталі плесняй, сівым туманом,

Даль жа нязбытаю казкай туманіцца,

Казкай, нягаданым сном.

 

Вера ў дзень заўтрашні сілай няведамай

Думы гартуе ісці, не чакаць,

Хоць бы там злыдні плот ставілі бедамі,

Бедамі клікалі спаць.

 

Зойдзе брат сцежку мне, путамі звонячы,

Пут гэтых толькі не бачачы сам:

«Дзе ты ідзеш?» — запытаецца, гонячы.

«Далей!» — адказ яму дам.

 

Далей і далей праз выдмы няплодныя,

Ўсё непакорна, шукаючы ўсё,

Покі не згаснуць прасветачы зводныя,

Покі не згасне жыццё!..

 

[1906-1912]


[1906-1912]

Тэкст падаецца паводле выдання: Поўны збор твораў. У 9 т. - Т. 3. Вершы, пераклады 1911-1914. - Мн.: Маст. літ., 1997. -342 с. [4] л. іл.
Крыніца: скан