epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Купала

Шляхам гадоў

15/V-1905—15/V-1925

Як пацерку да пацеркі, за годам год

На шнур жыцця ўсё ніжа, ніжа;

Адна з тых пацерак сцюдзёная, як лёд,

Другая цёплая, як сонца летні ўсход,

А трэцяя — як той чарвяк з-пад крыжа.

Адна далей, другая сэрцу бліжай,

Адна, як кветка, а другая, як асот,

А ўсе вісяць на шыі...

Дваццаць толькі год

Прайшло з тых пор, калі ў прадвесні,

Успомніўшы сваю бяду і свой народ,

Жывая думка зазвінела буйнай песняй.

А многа змен: за летам лета, за зімой зіма

Праз гэты час на беларускія няслі загоны:

Былі прабліскі і была благая цьма.

........................................................................................

Перш-наперш дзевяцьсоты пяты год, калі законы

Расійскага цара на вісельню вялі

Дзяцей скаваных Беларускае зямлі,

А там — рэакцыя, чарнейшая ад ночы,

Кроў выпівала з сэрца, асляпляла вочы;

Калі здавалася, што гэтак будзе без канца

Гуляць нагайка над «забраным» краем,

Што людзі «лепшыя», як зблукшая аўца,

Той за маскоўскім, іншы за варшаўскім раем

Імкнуцца будуць вечным тым звычаем,

Што атрымалі ад прадажных продкаў,

Якія за шляхоцкія адзнакі,

Або за царскія чыны, ў прымакі

Плылі ў чужыншчыну сляпой паводкай.

.....................................................................................

Далей... Цары карон з сабой не падзялілі:

Год чатырнаццаты абліў крывёй зямлю,

І беларускія сыны на прадзедаў магіле

Ліць кроў пайшлі за Бацькаўшчыну, толькі ж... не

сваю.

Палілі хаты ім і ў бежанцы, як жабракоў, пагналі

Туды — ў Сібір — жалобнай, слёзнай хваляй.

Бацькі і маткі там ад голаду каналі,

Ад роднага адлучаны дабра,

А дзеці іхнія кроў верна пралівалі

За веру рускую і рускага цара.

.......................................................................................

І рухнула вайна цароў за царскія кароны,

І іншы запалаў на свеце дым чырвоны:

Чырвоны сцяг узняўся над Масквой,

Аж па-за межы водбліск гэты пакаціўся.

Рабочы тут пісаў закон жалезны свой:

Адважна рызыкуючы працоўнай галавой,

Упобач з селянінам за ланцуг свой мсціўся.

То рэвалюцыя запела на ўвесь свет:

«Паўстань, пракляццем катаваны!»...

..........................................................................

Ды ўсіх бед

Яшчэ не ўспеў пазбыць край зрабаваны:

Зняўцеку панскі конь пачаў нам гоні дратаваць.

І ўбачылі засмучаныя нашы вочы,

Як дні праяснасці змяніліся на ночы,

Як зноў бізун па Беларусі стаў свістаць;

Крыві нявіннай пацякла рака,

Крывёй пажараў аблілося неба.

Так дзякавала панская рука,

Што некалі — ці трэба, ці не трэба —

Мы паншчыну на іх рабілі, як маглі,

І хлеба лусты ім свае апошнія няслі,

.........................................................................

А маткі нашы мамкамі для іх былі.

Але мінулася і гэта ліхалецце,

Хоць і не ўсе ў сваю сышліся хату дзеці:

Адных магіла ўжо не верне нам,

Другія і сягоння іншым б’юць паклон багам,

Ад трэціх жа гранічны слуп нас аддзяляе.

Відаць, што доля ўжо такая...

...........................................................................

Вось так шляхамі год дагэтуль я ішоў

З адною думкаю аб шчасці Беларусі;

То блукаўся паміж абшараў і крыжоў,

То, як сланечнік, к сонцу яснаму імкнуўся...

Сягоння ўжо працерабіўся гэты шлях:

На гонях родных не пануе нелюдзь,

З душы спадае перад будучынай жах,

Да новага жыцця сцягі віднеюць.

На чорных пажарышчах дзён мінулых

Народ разбуджаны сабе сам ладзіць гаспадарку.

І веру... Не прадасць ён за чужую скварку

Ані сваёй зямлі, ані сваіх дум чулых.

Я веру, песень маіх кліч бунтарскі

Знаходзіць водгук будзе ў сэрцах братніх,

Як і дагэтуль голас мой пяснярскі

Не заміраў без водгулля астатнім.

Што думаў селянін, што парабак-работнік думаў,

Падслухаў іх і ў песню шчыра пераліў,

А ўжо яны пад гоман вольных шумаў

Мне свой прыхільны водклік падалі.

Дык жа шумі, красуй у волі, родны Край!

Звіні ў свой звон, сялянска-пралетарскі звон!

Спявай ты, Беларусь, у радасці спявай!

Твайго Народа сёння права і закон.

 

1925


1925

Тэкст падаецца паводле выдання: Янка Купала. Поўны збор твораў. У 9 т. - Т.4. Вершы, пераклады 1915 -1929. - Мн.: Маст. літ., 1997. - 446 с., [4] л. іл.
Крыніца: скан