epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Купала

Шляхі

XVIII з'езду партыі бальшавікоў

З Масквы, з Крамля на ўсе староны

Ляглі шляхі, святлом усланы.

Па іх ідуць, ідуць мільёны

Людзей магутных, гордых, вольных,

Ідуць мільёны раскаваных.

 

Абапал — гарады і сёлы

Ў садах квяцістых, пладаносных,

У кветках нівы, горы, долы,

Шуміць вяселлем дзень вясёлы,

Шуміць людзям аб вечных вёснах.

 

Абапал — рэкі і азёры,

Па новых рэкі ходзяць ходах:

Да Балтыкі скрозь даль прастораў

Шлях Белае прасекла мора,

Здружылі моры свае воды.

 

Абняўшыся, як дзве сястрыцы,

Масква-рака і Волга шумам

Збіраюць да сябе крыніцы —

Ўсе з жыватворнаю вадзіцай —

І шумам будзяць, песцяць думы.

 

Дняпро і Церак, хоць далёкі,

Здружылі з Волгай мнагаводнай,

А быў да дружбы шлях нялёгкі,

Пакуль шлях новы лёг вясёлкай,

Крамлёўскай зоркай пуцяводнай.

 

Ідуць мільёны. Шлях не скрывіць

Ні ўсходні вецер, ні заходні.

Усходы буйныя на ніве

Азнакай на шляху шчаслівай,

Чырвоны ў сонцы сцяг паходняй.

 

Шляхі, шляхі зямлі радзімай!

О, колькі песень з сэрца рвецца!

Мінуліся ліхія зімы,

Другія зоры прад вачыма,

І па-другому б’ецца сэрца.

 

Масціў шляхі вялікі Ленін,

Шляхі шчаслівіць мудры Сталін,

Каб з пакалення ў пакаленне

Людское з путаў вызваленне

Ў прамяністыя йшло далі.

 

З Масквы, з Крамля хадою ўдумнай,

Усенароднай, чалавечай,

Праз поле, поплавы, буруны

Ідзе, таварышы, камуна

На свеце шчасце ўвекавечыць!

 

1939


1939

Тэкст падаецца паводле выдання: Купала Я. Поўны збор твораў. У 9 т. Т. 5. Вершы, пераклады 1930 - 1942. Мн., Маст. літ., 1998. -278 c. [4] л. іл.
Крыніца: скан