epub
 
Падключыць
слоўнікі

Янка Купала

Смейся!...

Ха-ха-ха-ха! Будзь весел, кінь хныкаць,

Ўпіцца кроўю сваёй не спадзейся!

Можаш сэрца рваць, выці і клікаць,—

Можаш з сэрца свайго молат выкуць,

Толькі ўдарыць не смей ім, а смейся!

 

Смейся смехам-сычэннем праз скрогат

Перадсмертны зубоў і рассейся

Ў гразь жыцця, ў пекла Дантава рогат!

Каб аж косці ўстрасаў дзікі дрогат,—

На пацеху сляпой дзічы, смейся!

*

Вырывай з сябе жылу па жыле,

Ві ў вяроўку, ў пятлю і павесся,

І, пакуль у зямлю не зарылі,

Хоць дух будзе шыпець у бяссіллі,—

На сваіх вісі жылах і смейся!

 

Смейся смехам-скавытам вядзьмачым,

У віхровым пасвісце развейся,

І над светам раз’юшаным, спячым,

Над жывымі трупамі і плачам

Ты лунай, вочы рві сабе... й смейся!

 

*

Ха-ха-ха-ха! Душу сваю выні,

Палажы на далонь і надзейся,

Што павераць табе, што не згіне

Ўся прысяга твая ў чорнай ціне

Перасудаў людскіх... Ха-ха! Смейся!

 

Смейся смехам — хрыпеннем быдляці

З перарэзаным горлам, і грэйся

Ў гэтым храпе скрозь стогн і пракляцце,

І не важся да сэрца ўздыхаці,

Ласкі ждаць... Хоць крывёю, а смейся!

 

1915




Беларуская Палічка: http://knihi.com