epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Купала

Смутна мне, божа!

Смутна мне, Божа! Куды я ні гляну,

Куды ні мчуся з маркотнай душою,

Бачу, што шчасця зары не дастану,

Бачу, што вечна не знаць мне спакою.

 

Гляну на быт свой, што век не ўзвяселіцца,

На змарнаваную моладасць з гора,

Бачу, што трудна на долю надзеяцца:

Будзе так заўтра мне, як было ўчора.

 

Цяжка ў час буры сасонцы хістаціся,

Коласу зімку праводзіці ў полі,

Цяжка са шчасцейкам быць і расстаціся —

Цяжэй жа шчасця не знаці ніколі.

 

[1906-1910]


[1906-1910]

Тэкст падаецца паводле выдання: Поўны збор твораў. У 9 т. - Т. 2. Вершы, пераклады 1908-1910. - Мн.: Маст. літ., 1996. -342 с. [4] л. іл.
Крыніца: скан