epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Купала

Сон

Не помню дня і той мінуты,—

Днём толькі, помню, ўсё было,

Як змучан доўгаю пакутай

Пакінуў я сваё сяло.

 

Пуцінай плёўся камяністай

Паміж кустоў, папарных ніў,

Глядзела сонца. Пот краплісты

Худы мой твар мачыў, слязіў.

 

Я змогся. Ногі больш служыці

Мне не хацелі, чуць цягнуў.

І ўсеўся на курган спачыці,

І на кургане я заснуў.

 

І ўбачыў вобраз векапомны,—

О, ўбачыў відаў я са сто!

Сам тросся ўвесь, як непрытомны,

Ішла адвага за нішто.

 

Я сніў. А ўсё як бы наяве

Кругом мяне жыло жыццём:

Той абымаў, той нож крывавіў,

Той спаў летаргу зводным сном.

 

Збуджэння дух махаў крыламі,

Няпамяць свой скідала пыл,

Вякі пражыты за вякамі

Ўставалі з попелаў магіл.

 

Спіхала ў долы праўду здрада,

За быт, за шчасце йшла вайна,

Парад цягнуўся за парадам,

Жыла, ўмірала старана.

 

І бачыў я ваякаў сільных,

І бачыў подлых я трусоў,

І чуў кайданаў звон магільны,

І чуў я вольных кліч сыноў.

 

Душа і рвалася, й цярпела,

Ў халодным поце віўся я;

Хацела крыкнуць — і не смела

Натура вольная мая.

 

Збудзіўся я. Жыцця крыніца

Зноў панясла ў сваім кругу...

Я йшоў, іду, але забыцца,

Што сніў, не мог і не магу...

 

21 сакавіка 1907


21.03.1907

Тэкст падаецца паводле выдання: Купала Я. Поўны збор твораў. У 9 т. - Т. 1. Вершы, пераклады 1904-1907. Мн., Маст. літ., 1995. -462 c. [4] л. іл.
Крыніца: скан