Шоў я пушчаю аднойчы,
А ісці нялёгка пушчай,—
Тут насустрач позірк воўчы
Вызірае жудка з гушчы.
Пацярэб’ем, ломам трушчу,
А ён следам патарочай,
Кіну торбай, грыбам-хрушчам,—
Зубы скаліць, пхнецца моўча.
Хоць бы ўжо расстацца з ночай,
Хоць бы вочы дзень расплюшчыў:
Каб заглянуць сонцу ў вочы,
Каб не знаць цянётаў-блюшчаў.
Развіднела. У чорнай гушчы
Знік маланкай позірк воўчы,
Заіграла песні пушча,
Дзяцел дзюбай затуркочыў.
За яснотай, каб не збочыць,
Мкнуся, пруся, верас трушчу —
Праз карчоўе, праз ламочча,—
Хай звяр’ё там пушчу лушча.
Гэтак з ношай, як той грузчык,
З ношай рызыкі малойчай,
Рвучы путы, скруты, блюшчы,
Відным шляхам далей крочу.
1935