epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Купала

Спрасоння

...Не! досыць, досыць! трудна далей

Цярпець, ціхія слёзы ліць!

Нічога мне, ой не, не далі,

А ўзялі ўсё, чым мог бы жыць.

 

Нявольнік, кланяцца век трэба

Людзям; век з потам кроў цячэ,

Няма патолі і ад неба:

То студзе, то спекай пячэ.

 

Пярун у хатку б’е крывую,

Пасевы нішчыць суш і град,

Авечку воўк задраў старую,

Скрыпіць нямазан панарад.

 

Худзее жонка ў слёзах, працы,

Трасе дзюравым каптаном...

Гэй, ты, што песцішся ў палацы,

Меў ж літасць над маім жыццём?!

 

Я сам... мне ногі гное лапаць,

Аборы ўелісь да крыві...

О, кроў! калі ж ты кінеш капаць?

О, доля, раны зажыві!

 

Грызецца зрэбная кашуля,

З сярмяжкай трудна пагадзіць,—

Зімой ад сцюжы не атуле,

А ўлетку горача хадзіць.

 

Аблазяць спрэўшыя ад поту

Пад шапкай дрэннай валасы,

Нажыў удушша і ламоту

Ад тапара, сахі й касы.

 

На ўгры пабіў мазоль мне рукі,

Век цэлы пыл за акрыццё...

О, колькі гора, колькі мукі

Нясеш, паганае жыццё!

 

Ніхто й пацех мне не гавора

За долю горкую маю,

Нясецца толькі рэха з бору,

Як песню скрозь слёзы пяю.

 

Гэй, растлумач, выроддзе ўражжа,

Трутні, зладзеі пчольных прац!

Чаму, дзе труд крывавы ляжа,

Цвіце загон, стаіць палац?

 

Чаму я сею, а другія

З сяўбы маёй збіраюць плён?

...О, досыць, досыць! сэрца ные,

Грыміць пагудкі новай звон.

 

Чакаў і днём, чакаў і ночай,

І ўжо абрыдала чакаць,

Ўстаю, іду, куды йдуць вочы,

За крыўды плату адшукаць.

 

10 верасня 1906


10.09.1906

Тэкст падаецца паводле выдання: Купала Я. Поўны збор твораў. У 9 т. - Т. 1. Вершы, пераклады 1904-1907. Мн., Маст. літ., 1995. -462 c. [4] л. іл.
Крыніца: скан