З торбай кажны, з думкай важнай:
«Дадуць — не дадуць»,
Даўным следам дзед за дзедам
На кірмаш ідуць.
Як дарога к хаце Бога,
Або й так аб што,
Не пытаюць, добра знаюць,
Звон пачулі — й до!
Быццам горбы, іхні торбы
Выдаюць парад;
На кірмашы старцы нашы
Садзяцца у рад.
Кожны прэцца ў лепша месца...
Чуй! аж во калі,
Ўтройцы, ўпарцы хрыпла старцы
Песню завялі.
Той там з лірай у тры шчыра
Струны задае,
Той з кантычкі, той з прывычкі
Модлы дзьме свае:
За змарлыя, за жывыя
Душкі, за жыццё,
За скацінку, за збажынку
І за ўсё, за ўсё...
Гэй, малітвам, быццам бітвам,
Стар’ё аддалось,
А з-пад воку глядзяць к боку,
Ці дадуць хто штось.
Во паследні у абедні
Кончыўся «падай»;
Сыплюць людзі, што-та будзе,—
Старча, намагай!
Неспакойна з сілай двойнай
Песень гул памкнуў,
І ўвесь гэты рой распеты
Рукі працягнуў.
Дыдак густа й хлеба лусты
Сыпяцца, прычом
Разам з хлебам — за што трэба
Маліцца дзядом.
Час праходзе... Годзе, годзе
Глядзець на полк наш!
Пайшлі людзі, што-та будзе,—
Кончыўся кірмаш.
З торбай кажны, з думкай важнай:
«Ці дзе больш дадуць»,
Даўным следам дзед за дзедам
З кірмашу ідуць.
[1905-1907]