epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Купала

Старыя акопы

Удоўж Дняпра ляглі яны — акопы,

Заросшыя травой акопы, бліндажы,

Дзе як бы йшчэ смярдзіць людскою ропай,

Мінулых бітваў усплываюць міражы.

 

За рабаўласнікаў, за патрыярхаў,

За царадворцаў, за банкіраў, за цароў

Лілася кроў людзей, скаваных жахам,

Пад музыку гармат, званоў лілася кроў.

 

Закрыеш вочы, і здаецца, вочы

Перад сабою бачаць трупы-касцякі,

Здаецца, вушы чуюць, як скрыгочуць

Прадсмертным скрогатам ваякі, ланцугі.

 

Ой вы, мае акопы з бліндажамі!

Агідна робіцца на сэрцы і душы,

Што там — за пагранічнымі слупамі —

За войнаў будучых п’юць подла барышы.

 

Што там яны — сапегі, радзівілы,

Разгром забыўшы ля дняпровых вод,

Свае ў Расіі свежыя магілы,

Крычаць віваты за паход на Ўсход!

 

Што гітлеры і герынгі з Берліна,

Культуру нішчачы, што кінулі вякі,

І ў божышча узвёўшы гільятыну,

На край савецкі точаць шаблі і штыкі.

...............................................................

Плыве Дняпро, плыты плывуць памалу...

— Спакойна спіце вы, акопы, бліндажы:

На іхніх землях з іхніх генералаў

Знімаць пагоны будзем, шаблі і крыжы.

 

1935


1935

Тэкст падаецца паводле выдання: Купала Я. Поўны збор твораў. У 9 т. Т. 5. Вершы, пераклады 1930 - 1942. Мн., Маст. літ., 1998. -278 c. [4] л. іл.
Крыніца: скан