Сонца хаваецца ў хмары,
Золкай слатой неба жаліцца,
Каўкі заслалі папары,
Чорна снуюцца, як мары...
Стужа збліжаецца.
Бусел сялібу пакінуў,
К вылету ў вырай збіраецца,
Лісце скідае рабіна,
Так не бушуе скаціна...
Стужа збліжаецца.
Людзі няўтульна схмурнелі,
Песні не так разлягаюцца,
Дрож прабягае па целе,
Ціснуцца к хаце, к пасцелі...
Стужа збліжаецца.
Нудна... Сяджу адзінокі,—
Думы дакучна чапляюцца,
Сніцца край лепшы, далёкі,
Жаль падступае глыбокі...
Стужа збліжаецца.
Глуха прайшлі год за годам,
Дні, што ідуць, не ўсміхаюцца,
Моладасць з вольным паглёдам
Гасне пад горасці лёдам...
Стужа збліжаецца.
Цёмнасць расставіла сеці,
Слёзныя віхры ўзнімаюцца.
Губяцца сілы ў расцвеце...
Божа, як жудка на свеце!
Стужа збліжаецца.
[1908]