На суды павялі яе звязанай,
Сэрца вырваўшы з белых грудзей
І судзіці давай — як там сказана
Ў гэтым хітрым законе людзей.
Абіралі суддзёй ночку цёмную,
Ночку-мачыху сумнай зямлі,
Сведкай крыўда была векапомная
Сон і заламы стражай былі.
Прыгавор прачыталі над беднаю,
Не спытаўшыся грэху, віны.
Гэй, хаўтурную песню пабедную
Над ёй спелі праметнай сыны...
З плеч зрывалі уборы злацістыя,
Разрывалі карону-вянок,
Разбівалі пасад ёй нячыстыя
Й пад жалезны хавалі замок.
Накладалі ёй сковы сталёвыя,
Надзявалі жабрачы убор,
У намітку ўбіралі цярновую
Яе коску, сатканую з зор.
Вочы вырвалі ёй, сонцу роўныя,
З-пад хмурліва навісшых павек,
Дый пусцілі яе супакойную,
На бадзянне пусцілі, на здзек.
З лета ў лета ідзе, кроўю злітая,
Насустрэчу крыжам і капцам,
Чуць жывая жыве, пазабытая,
Ў сне з’яўляючысь родным сынам.
К волі йдзе з дня на дзень, разглядаецца
Па бел-свету калі-нікалі;
Толькі дух-яснасвет пацяшаецца,
Што ўсё ж крыўды яе не змаглі.
Як была, будзе так непакорнаю
Адпраўляць вечнабыту імшу...
Не здалеюць суды цемнатворныя
Ёй спаганіць і вырваць душу.
[1906-1912]