epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Купала

Сват

(З апавядання старога дзецюка)

Не зведаўшы броду,

Не сунься ў воду.

 

(Прыказка)

 

— Гэй, лінь там у чарку! Вы ж ціха быць, хлопцы!

Ты, Ганька, агню мне нашчупай у копцы.

Як лыкну, як пыкну, дый збаю ў прыпеўцы,

Як быў я малодшым, як сватаўся к дзеўцы.—

Вось гутаркай гэткай азваўся Міхалка,

Вядомы ўсім чыста манюка, брахалка.

 

— Зімой было гэта,— гаворыць ён далей,—

Дзянькі мясаеду прыйшлі, загулялі,

І ўсё загуляла: дзень будні — нядзеляй,—

Няма таго дня — вечарынкі, вяселлі.

Папіў той гарэлку, той едзе у сваты;

Без госця, без чаркі не знойдзеш той хаты.

 

Глядзеў я, глядзеў я,— дый вытрымаць трудна,—

А быў я натуры не вельмі маруднай.

Сюд-тут — і гатова: ўжо еду са сватам,—

Памёр (пакой вечны!) — ўсе звалі Кандратам,—

Знаў добра, як што, да чаго ў такім разе,

Па слова ніколі ў кішэню не лазіў.

 

З сабой у дарогу гарэлкі набралі,—

Шынок быў пад Гайнай, шынкар зваўся Гдаляй,—

Конь добры быў сватні, званок прычапілі,

З бутэлькі пацягнем — што значаць там мілі!..

Эх, чаркі вы, чаркі, хто з вамі задрэме? —

Бяда — не бяда, акіян па калені!

 

— Гэй, крыкну, кіруй, сват! — Конь прэ ва ўсе ногі,

—Хоць дзеўкі не знаў я, а сват к ёй дарогі.—

Кіруй, сват! — Мінаем даліны і горы;

Ноч ясна, марозна — і месяц, і зоры.

Званок заліваецца, свішча палоззе,

Снег скача, конь пырхне,— тры пляшкі у возе!..

 

Ляцім... Вось прыехалі, вылезлі з санак;

Сабака брахнуў, і хтось выйшаў на ганак.

— А хто там? — так чуем.— Свае, кажам, людзі.

— Дык проша ж у хату! — Сват нешта марудзе.

—Ідзём. Вось і ў хаце. Лучына пылае.

Я толькі гляджу, дзе мая маладая.

 

З парога сказалі, як след: «...пахвалёны!»

— Навекі! — сказаў гаспадар на паклоны

І просіць садзіцца. Мы селі на лаве.

Ці гладка рэч, думаю, пойдзе аб справе?

Не быўшы ў такіх пераплясах ніколі,

Сам неяк не свой ды баюсь мімаволі.

 

Дасталі тытун, затуманілі люлькі,—

Капшук мой быў слаўны,— дастаў ад бабулькі,—

І, як бы нідзе ні аб чым і не дбаем,

З пустога ў парожняе пераліваем:

Адны хтось маўчаць з нас, а слухаюць тыя,

Ці тыя замоўкнуць, каб чулі другія.

 

Прайшло з паўгадзіны. Тут сват азірнуўся,

Выходзіць у сенцы, з бутэлькай вярнуўся

І гутарку аб інтарэсе заводзіць.

— Пачну, кажа, проста: круціць нам не ўходзіць.

Прыехалі к вам мы тавар аглядаці;

Барыш на стале во, і мы ў вашай хаце!

 

(Вось гэтак, прымерам, па добрай ахвоце

Сваты пачынаюцца ў нашай прастоце.)

 

Тут наш гаспадар, як ні ў чым не бывала,

Вядзе ў сенцы нас, дзе кабыла стаяла.

— Эх, лоўкая шэльма, і ўсё есць ахвотне!

Няма ў бягу лепшай. Аддам за паўсотні.

Гіршонак гаенскі прыходзіў сягоння,

Без торгу клаў сорак і пяць на далоні.—

 

Як гэта пачуў я, ўсяго аж затрэсла!

Куды тут нячыстая свата занесла?

А ён (пакой вечны!), не сцяміўшы рэчы:

— Мы ў сваты прыехалі к вам, чалавеча!

Хлапец і не бедны, і добрай натуры,

Завецца Міхалка, жыве каля Жмураў...—

 

Я лыпнуў вачыма. Тут зноў неспадзеўкі:

— Даруйце, васпанства: няма ў мяне дзеўкі!

Ўсіх баб — мая баба дый гэтая кляча,

Ніхто ў мяне больш іх не чуў і не бачыў!

Каб лепей хто ляпнуў анучай па мордзе,

Як гэта пачуці у гэткай прыгодзе!..

 

Як выйшаў я з хаты, як селі мы ў сані,

Як ехаў я з сватам,— хваліў як ці ганіў,—

Вы смейцеся самі ці лайце ад ведзем;

Мы з сватам тым часам к другой дзеўцы едзем.

Бо трэба вам ведаць, што сват мой, Кандратка,

Ні ў чым не адступіць, хоць шло б не ўсё гладка.

 

Прыехалі. Зноў гэтаксама сустрэлі.

Сват мой падбадрыўся, мяне больш асмеліў.

Дый мне лягчэй стала: тут бачу дзяўчыну,

Хоць дзеўка, сказаць,— адпусці, Божа, віны!..

Сват гэтага толькі не цяміць нічога:

Яму ўсюды проста, як з моста дарога.

 

Гарэлка ізноў на стале загасціла,

Пайшло дзела ладам; бяседа — аж міла.

Дзяўчыну ўжо маем,— што болей нам трэба?

Дый буталь гарэлкі — к ёй хлеб і да хлеба.

Ўсё гэта не кепска — па першай няўдачы,

Аж з радасці сват мой чуць-чуць не заплача!..

 

А я паглядаю к дзяўчыне з-за пляшкі,—

Па целе так проста і скачуць мурашкі!

Кляну ў духу жонак, сватоў ўсіх і дзевак...

Тут быў для мяне не канец неспадзевак!

Не даў, знаць, Бог шчасця мне ночкаю гэтай,

Ці мо пад такою радзіўся планетай...

 

Папіўшы гарэлку, дамоў маем ехаць;

Сват асалавеў мой, зрабіўся — як вехаць.

Ідзём... Бач, за печай сядзіць дзяцей двое:

Адно — хлапчанё, а дзяўчынка — другое.

— Чые,— спытаў,— гэта? — Аж дзеўка з куточка:

— Мае, мой ты мілы, сыночак і дочка...

 

Што ж болей? Эх, болей... падлі там сівухі! —

Ну і наварыў жа мне сват саладухі!

Прайшло з таго часу год дваццаць без мала,

На свет многа што прыбывала, ўбывала;

Жаніліся людзі, спраўлялі хрысціны,

Мне толькі на жонку не стала дзяўчыны...

 

Больш сватацца к дзеўкам мінула дурнота,

Прапала адвага, адпала ахвота...

Так байку закончыў сваю нам Міхалка —

Вядомы ўсім чыста манюка, брахалка.

Я слухаў, спісаў тут і вам ахвярую,—

Ану ж прыйдзе к смаку, тады дам другую.

 

[1908]


[1908]

Тэкст падаецца паводле выдання: Поўны збор твораў. У 9 т. - Т. 2. Вершы, пераклады 1908-1910. - Мн.: Маст. літ., 1996. -342 с. [4] л. іл.
Крыніца: скан