epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Купала

Сватаная

Прыстройся, дзяўчынка-нябожа,

Так, як у дзянёчак святы,

Галоўку ўчашы ты прыгожа,—

Сягоння прыедуць сваты.

 

З гарэлкай прыедуць сягоння

Й запоіны будуць твае...

Падумай, куды цябе згоне,

Куды цябе злы лёс пашле.

 

Падумай, як прыйдзецца жонкай

Вайсці да хацінкі чужой,

Зазнацца з чужою старонкай,

Злюбіцца з чужою сям’ёй.

 

Дасць бацька пасагу: цялушку

Й свінню ці авечку з ягнём;

Дасць маці выправу: падушку

Ды кубел стары з палатном.

 

Усё гэта возьме твой мілы,

Як з купленай, возьме з табой,

А ты будзеш аж да магілы

І жонкай яму, і слугой.

 

Павінна служыць ты і мужу,

І ўсёй яго слухаць радні;

На працу, на голад, на стужу

Зважаць не павінна ані.

 

Не будзеш чуць ласкавых словак,

І свёкар палае, й свякроў;

Прытыкаў ятровак, заловак

Нап’ешся і ўгроз — дзевяроў.

 

Цярпець будзеш многа, ды часам

Паскардзішся мужу свайму,—

Багаты й сваіх крыўд запасам,

Не дасць рады гору твайму.

 

А гора тваё, напачатку

Малое, пачне прыбываць,

Як станеш ты зваціся маткай,

Дзіцё пачне грудзь тваю ссаць.

 

Жаць пойдзеш далёка ці блізка,

Муж пойдзе араць ці касіць,

З табой йдзе дзіцё,— і калыска

На полі на козлах вісіць.

 

А вернешся з поля дадому,

Гаротнае гора тваё!

Пачнеш паглядаць пакрыёму,

Ці хлеба хоць трохі йшчэ ё.

 

Слуга, жонка, ўрэшце і матка,

Ўжо знаеш, што трэба рабіць:

Спаўеш у пялёнкі дзіцятка

І станеш вячэру варыць.

 

І вечна не знойдзеш спакою

Ў замужнім бязвольным жыцці;

Нядоля услед за табою,

Як здань тая, будзе ісці.

 

У дарогу ты выправіш мужа,

Пачнеш яго з страхам чакаць,

А хоць не раз поўху і ўдружа,

Павінна п’янога спаткаць.

 

Каса твая доўгая п’яным

Патузанай будзе не раз,

Наб’е сінякоў пад каптанам,

Зрачэшся дзявоцкіх прыкрас.

 

Прытухнуць ад слёз ясны вочы,

Завяне, паморшчыцца твар,

А ў сэрцы, сягоння ахвочы,

Замрэ твой мілосны ўвесь жар.

 

Нявольніка з краю нядолі —

Гаротнай нявольніцай ты,

Ахвярай ты век без патолі

Трудоў, беднаты, цемнаты.

 

Ну, што там смутнееш, нябожа?

Гарэлку пап’еш зараз ты!..

Ідзі ж і прыстройся прыгожа,

Каб не адракліся сваты.

 

Ўпадоба быць мусе нязменне,

Каб з дому барзджэй паляцець,

Бо дома... і дома не меней,

Як замужам, мусіш цярпець.

 

Званкі ўжо звіняць па дарозе,

Вот госці пад брамай крывой,

Ідуць, вот ужо на парозе...

Ты плачаш?! Чаго? Бог з табой!

 

Дзяўчынка, ці я цябе песняй

Разжаліў панурай сваей,

Што гэтак ліюцца балесна

Слязінкі з прыгожых вачэй?

 

Кінь плакаць і смейся! Хай плача,

Хто песню нядолі запеў,

Святла хто і ласкі не бача,

Хто змалку дзён шчасця не меў.

 

Жалобных не слухай ты шумаў,

У сілы свае цвёрда вер

І лепшую долю прыдумай,

Як гэта, што маеш цяпер.

 

[1905-1907]


[1905-1907]

Тэкст падаецца паводле выдання: Купала Я. Поўны збор твораў. У 9 т. - Т. 1. Вершы, пераклады 1904-1907. Мн., Маст. літ., 1995. -462 c. [4] л. іл.
Крыніца: скан