epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Купала

Святы Андрэй Баболя. Мучанік беларускі за веру

Dubia

Шмат таму лет назад

У Палессі глухім

Жыў Баболя Андрэй,

Слаўны імем сваім.

 

Зрокся ўцехі жыцця,

Панскіх скарбаў, выгод,

За прызваннем пайшоў —

Сеяць веру ў народ.

 

Заблудзіўшыхся душ

Наварачвае Ён;

Праца гэта Яго

Не малы дала плён.

 

Шмат каму не пад мысль

Было гэта ў той час;

«Душэхватам» Яго

Называлі не раз.

 

А Святы — як ня чуў;

На брахі не маўчаў

І як мог і дзе мог,

Навучаў, прасвічаў.

 

Толькі слава ішла

Усё далей і далей

Па крывіцкай зямлі

Між вясковых людзей.

 

Як лет колькі сплыло

І час буры настаў,

Завяруха найшла,

Край чужынец змагаў.

 

І аблаву сваю

На Святога пусціў,

На якога здаўна

Востра зубы тачыў.

 

У адной із мясцін

Зброд казачы напаў,

Справіў суд над Святым,

Страшным мукам аддаў:

 

Мучыў, рэзаў і сек,—

Кроў цякла на зямлю,—

Усё Святога змушаў

Кінуць веру сваю.

 

Катаваў, зневажаў

Беспрымерна, як мог,

Аж Баболі душу

К свайму трону ўзяў Бог.

 

З таей страшнай пары

Перайшло сотні год,

Вецер шмат сагнаў хмар,

Шмат у мора ўшло вод,

 

Толькі памяці час

Праз так доўгія дні

Аб Андрэю Святым

Не развеяў ані:

 

Ён цудамі слыве

Ў беларускай зямлі,

Ён жыве, як і жыў,

Між сваімі людзьмі.

 

Хоць і панствам Яго —

Неба Божы прастор,

Ён слязу не адну

Свайму люду уцёр.

 

Будзе жыць без канца,

Слыць цудамі ўсяды

Гэты мучанік наш,

Беларускі Святы,

 

І заступіцца Ён

Перад Богам не раз

І за наш бедны край,

І за змучаных нас.

 

Я. Купальскі

[1910]


[1910]

Тэкст падаецца паводле выдання: Поўны збор твораў. У 9 т. - Т. 2. Вершы, пераклады 1908-1910. - Мн.: Маст. літ., 1996. -342 с. [4] л. іл.
Крыніца: скан