epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Купала

Светлай памяці Уладзіслава Эпімах-Шыпілы

Здалёк ад роднай стараны,

Ад беларускіх ніў і хат,

Ён жыў, як кветка на мяжы,

Якую хвошча дождж і град.

 

Ён жыў і бацькаўшчыне ўсцяж

Не пакідаў — як мог — служыць,

Душу і сэрца аддаваў,

Пакуль не стлела жыцця ніць.

 

Да самай страшнае пары,

Што нам яго ўзяла на век,

Ён быў заўсёды і для ўсіх

Грамадзянін і чалавек.

 

Для Беларусі, як умеў

І сколькі сілы меў, служыў,

І не чакаў сабе наград,

Адно радзімым словам жыў.

 

Любіў яго, пацеху ў ім

І веру крэпкую ў ім меў,

На службу верную яму

Астатак сілаў не жалеў.

 

Артыстам будучы душой,

Красу ён родну праслаўляў:

Са сцэны родную зямлю

І слова роднае ўсхваляў.

 

А сам... Не рваўся к славе ён,

Пахвальных гімнаў не жадаў;

Паціху між братоў ішоў,

Аб долю лепшую іх дбаў.

 

Не зачыняў сваіх дзвярэй

Для сваяка і чужака;

Пацеху сумнаму ўмеў даць

І надарыці бедака.

 

Сягоння тут, у чужыне,

Яго анельская душа,

У жальбе кідаючы ўсіх,

У край нязнаны адышла.

 

Спі, грамадзянін добры наш,

Хай будзе кветкамі зямля,

Як кветкай мілаю для нас

Ты быў, гаротнік за жыцця.

 

Хай над магілкаю тваёй

Вандроўна птушка запяе,

А сонца яснае з нябёс

Сваё праменне вечна лье.

 

Хай вольны вецер данясе

Сумную вестку ў родны край,

Што сын яго адзін яшчэ

Ў чужыне выбыў ў лепшы рай.

 

Спі, грамадзянін добры наш,

І сны шчаслівейшыя сні,

Чым тыя, што меў у жыцці,

Ад роднай вырваны зямлі.

1914


1914

Тэкст падаецца паводле выдання: Поўны збор твораў. У 9 т. - Т. 3. Вершы, пераклады 1911-1914. - Мн.: Маст. літ., 1997. -342 с. [4] л. іл.
Крыніца: скан