epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Купала

Сыйду...

Сыйду са сцежкі я тваей,

Як цень з няведамага краю,

Хоць і не вырву ўжо з грудзей

Таго, з чым жыці сіл не маю.

 

Судзіла доля мне сустрэць

Цябе, як казку негадану,

Ды не судзіла доля мець

Пацехі з гэтага жаданай.

 

Пракляцце нейкае вісіць

Над лёсам марным і сірочым

Ды рве і рве за ніцяй ніць,

Якія з шчасцем злучыць хочуць.

 

Нявольнік дум сваіх і сноў,

Сябе самога раб няшчасны,

Я скрозь жыццё адзін сам шоў,

Пуціны не зазнаўшы яснай.

 

І думаў, што ўжо скаваў лёд

Мне ўсе жаданні і парывы,

Што дажыву я сваіх год,

Па-свойму вольны і шчаслівы.

 

Так думаў... Сталася не так —

Душу збудзіла дзіўна з’ява:

Чагось жадаць пачаў бядак,

Штось згледзеў больш, як смерць і слава.

 

Інакш забілася ў грудзях

Сляпое, прыспанае сэрца,—

Змяніў на кветкі церні шлях

І думаў: шчасце ка мне рвецца.

 

Але здалося гэта ўсё,

Быў сон, а ява засталася,

Надзеі зорка ў небыццё,

Як здань жывая, праняслася.

 

Зноў сам адзін, як блудны цень,

З далёкай вырваны каметы.

Ідзі, брыдзі і ноч, і дзень,

Навек згубіўшы ўсе прасветы.

 

Каб мог душу ўзяць, паказаць,

Каб мог сабе сам вырваць грудзі,

Тады б мо ты змагла паняць,

Чаго паняць не хочуць людзі.

 

Тады б мо каменем цяжкім

Маёй душы не надзяліла,

Над сэрцам мела б жаль маім

Ды і ўздыхнула б над... магілай.

 

1915


1915

Тэкст падаецца паводле выдання: Янка Купала. Поўны збор твораў. У 9 т. - Т.4. Вершы, пераклады 1915 -1929. - Мн.: Маст. літ., 1997. - 446 с., [4] л. іл.
Крыніца: скан