epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Купала

Тае снег...

Тае снег, таюць сковы зімы ледзяністыя,

Сонца з ласкай ажыўчай гуляе ў прыволлі!

Хутка жаўранак песняй сваёй галасістаю

Прывітае аратых на полі.

 

Узніме чорную скібу саха працавітая,

Ляжа ўсходнае зерне у пахаць сырую,

Закалосіцца поле, слязой, потам злітае,

Зашуміць сваю думу старую.

 

Гаспадар той суважна свой шнур па-святочнаму

Абыходзіці будзе, красой любавацца,

Прыслухоўвацца к шэлесту нівы няўрочнаму

І маліцца к сваёй зямлі-матцы.

 

Смела гляне на свет і на долю змянлівую

Як дагэтуль, яму не дадуцца ўжо ў знакі

Тыя сілы з усходу і захаду мсцівыя,

Што даймаюць цяпер, як вужакі.

 

[1906-1912]


[1906-1912]

Тэкст падаецца паводле выдання: Поўны збор твораў. У 9 т. - Т. 3. Вершы, пераклады 1911-1914. - Мн.: Маст. літ., 1997. -342 с. [4] л. іл.
Крыніца: скан