epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Купала

Таей даўгажданай

Чакаў яе, чакаў з трывогай,

Лічыў хвіліны неспакойна,

Чакаў... І не прыйшла нябога.

Не захацела быць так гойнай.

 

Што ж, не прыйшлося маім думам

Быць явай радаснай, жаданай;

Сам застануся з сваім сумам

Лячыць нязлечаныя раны.

 

Пачну адвечную бяседу:

Паклічу верных сваіх другаў —

Яны, як добраму суседу,

Акажуць шчыру мне паслугу.

 

Мой першы друг — бязмежна гора,

Не скупіць мне сваёй апекі,—

Душа яго, як тое мора,

Што ўсе ў сябе ўбірае рэкі.

 

Мая сама вярнейша дружка,

Мяне не здрадзіўша ніколі,

Нядоля — беспадобна служка,

Мая пацеха дома, ў полі.

 

Яшчэ, яшчэ нямала маю

Такіх дружкоў, бы ўвесну цвету,

Іх тутка я не вылічаю,—

Нашто дарма хваліцца свету!

 

Вось як яны усе сыйдуцца

Ў маю святліцу — маё сэрца,—

Імглою вочы прыбяруцца,

Душа на жальбу абапрэцца.

 

І блісне першая слязіна,

За ёй апошняя заблісне,—

Абедзве па табе, дзяўчына,

Што я чакаў так бескарысне!..

 

1915


1915

Тэкст падаецца паводле выдання: Янка Купала. Поўны збор твораў. У 9 т. - Т.4. Вершы, пераклады 1915 -1929. - Мн.: Маст. літ., 1997. - 446 с., [4] л. іл.
Крыніца: скан