epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Купала

Таварыш мой

Ідзе за мной услед касцісты, бледны труп,—

Як цень,— за мной, пры мне, куды я ні ступлю;

Ці я устану, ці ў пасцелі мёртва сплю —

Са мной заўсёды ён, заўсёды гэты жывы слуп.

 

Вакруг мяне пабудаваў жалезны зруб,

Ператварыў ў турму бязмежную зямлю,

Садраў чуццё — ці я цярплю, ці не цярплю,

Здушыў вужача грудзі ў сто сталёвых шруб.

 

Таварыш шчыры мой, люблю, люблю цябе!

Ні час, ні чалавеча злосць цябе не з’есць;

Ты — пасланец мой, ты — сама аб шчасці весць!

 

Цябе, мой труп, я ў сне і ў явы барацьбе

Не кіну, як не кінеш ты мяне ў жальбе...

О, чэсць табе, маё ты Адзіноцтва, чэсць!..

 

1915


1915

Тэкст падаецца паводле выдання: Янка Купала. Поўны збор твораў. У 9 т. - Т.4. Вершы, пераклады 1915 -1929. - Мн.: Маст. літ., 1997. - 446 с., [4] л. іл.
Крыніца: скан