epub
 
Падключыць
слоўнікі

Янка Купала

Тканне намёткі

Угнявілі, знаці,

Бога грэшны людзі:

Засухай караці,

Як відаць, іх будзе.

 

Чатыры нядзелі,

Як дажджу ні капкі,—

Ўсходы пажаўцелі,

Вянуць кветкі, траўкі.

 

Зямелька сухая —

Нарога не ўбіці,

Сонца не кідае,

Як агнём, смаліці.

 

З чалавечых твараў

Пот цурком ліецца,

Здаецца — ўсё з жару,

Свет гарыць — здаецца.

 

Быці неўраджаю,

Быці галадусе,

Для цэлага краю

Цяжка быці мусіць.

 

Чым-небудзь, а трэба

Ублагаці Бога,

Каб дожджыку з неба

Ён паслаў хоць троха:

 

Бярымось намётку

Ткаці гурмай, жыва,

Спагонім ахвотку

Над працай для ніваў!

 

Кабеты, дзяўчаты,

Борздзенька збірацца

Да аднае хаты,

Да супольнай працы!

 

Ты бяры, Маланка,

Мяліцу лён цёрці,

Трапло бяры, Ганка,

Кастрыцу абдзёрці!

 

Данілісе шчоткі

Лён часаць прынесці,

Дзвюх дачок Дароткі

Мусяць прасці сесці.

 

Ды хай кожна зносіць

Што-небудзь — сказаці!

Кросны мае Зося —

Там і будзем ткаці.

 

І вось усёй вёскай

Сабраліся ўрэшце.

Нуце, ласкай боскай

Свет, бабы, пацешце!

 

Дружна і ахвотна

Бяруцца за дзела:

Трэба, каб намётка

К вечару паспела.

 

Адна ломіць жмені,

Чысціць іх другая,

Трэцця трэпле ў сенях,

Кастру выбівае.

 

Увязваюць тыя

Да прасніц кудзелі,

К гатовым другія

Прасці жыва селі.

 

Вось трохі напралі,—

На маткі звіваюць,

Калкі паўбівалі,

Снаваць пачынаюць.

 

Спралі ўсё, што спрасці

Ў дзянёк мелі гэты,

Сталі ў бёрда класці

Аснову кабеты.

 

На навой праз бёрда

Аснову ўскруцілі,

А роўна і цвёрда

Ў чыны зарадзілі.

 

Да нітоў прыгналі

Панажы два ў доле,

Цэвак насукалі

І ткаць сталі зволі.

 

Паволі — спачатку,

Хутчэй — штораз далей,

Вось і ўсё! Ў канчатку

Губку адаткалі.

 

Губку не малую:

Локці два без мала! —

Колькі на такую

Сцяну пражы стала.

 

Памыць крыху ўрэшце —

Хай бялейшай стане,

Ды ў царкву занесці

І ждаць змілавання.

 

1907




Беларуская Палічка: http://knihi.com