epub
 
Падключыць
слоўнікі

Янка Купала

Ты, зялёная дубрава...

Ты, зялёная дубрава,

Сон скідай, расцвітай,

І шумеці добрай славай

Не кідай на ўвесь край.

 

Гамані, расходзься шумам

Ад мяжы да мяжы,

Ўлі надзею вольным думам,

Аб усім раскажы.

 

Казку быўшых песняспеваў

Распалі, разагрэй;

Размяці управа, ўлева

Сухацвет, сухавей.

 

Маладыя загаворы

Ў ход пусці, сатвары;

Яснаглядам долы, горы

Асвянці, прыбяры.

 

Кінь разгонна весці свету

Аб сабе, аб сяўбе

I да неба вестку гэту

Данясі у кляцьбе.

 

Абніміся з нівай роднай

І душой, і грудзьмі;

Край прыбіты, непагодны

Ўскалыхні, падымі...

 

1912




Беларуская Палічка: http://knihi.com