epub
 
Падключыць
слоўнікі

Янка Купала

У Купальскую ноч

Цёплым летам на Купалле,

Як ноч ляжа без граніцы,

Зводы, чары бліжай, далей

Відны ў пушчы над крыніцай.

 

Ля калоды, на калодзе —

У кожным лесавым куточку —

Кветка-папараць усходзе,

Зацвітае ў гэту ночку.

 

Хто захоча ў цёмнай гушчы

Пашукаці, паспытаці,

Падпільноўвае дух пушчы —

І не дасць нічога ўзяці.

 

Вось глядзіце! Зважна, ціха

Чалавек ідзе, крадзецца;

Што за немач, што за ліха?

Ці ж няма ўжо дзе падзецца?

 

Вочы кроўю наліліся,

Аб зуб зубам страх ляскоча,

Клубам гнецца, прыхіліўся:

Кветку-шчасце цапнуць хоча.

 

І мармоча, як спрасоння,

Пад шурпатымі сукамі:

«Ці ж, як летась, і сягоння

Мне з пустымі йсці рукамі?

 

Кожны год іду сюды я,

Кожны год надзею маю,

А тут немачы нямыя

Круцяць, верцяць з боку, з краю.

 

Збіўся з толку, жыць нязмога;

Вечны голад кветкі-шчасця,

То ад Бога, то да Бога

Гоніць, цісне, як з напасці.

 

Стой! Здаецца, вунь зірнула,

Як бы зорка, як бы сонца!

Ах, не тое! Адвярнула!..

— Гэта шышка на сасонцы».

 

Ну шукаці, як шукаці!

Цемра з нетрай скача скокі,

Звод рагоча ў цёмнай гаці,

Смоўж зіркае аднавокі.

 

Так шукае, лазіць лазам,

Просіць, моліць, заклінае,

А дух пушчы з пушчай разам

Успамінкі ўспамінае:

 

«Кінь шукаць, спраўляць скавыты,

Не чапай маіх харомаў!

Я—дух пушчы, дух сярдзіты,

Не спушчу нідзе нікому!

 

Кветкі пільна я пільную,

На замкоў замкнёна сорак,

А дарожку даў такую:

Людскіх костачак узгорак.

 

Не пачуеш нашай рады,

Будзе тое і з табою!

За цвяточак для прынады

Ты заплаціш галавою!

 

Як на свет свет нарадзіўся,

Як душа засела ў целе,

Ўсе ляцелі к гэтай місе,

І ніводныя не елі.

 

Пушча знае, што бароне,

Што ёй дадзена на сховы,

Крыжам ляжа на загоне,

А не дасць надзець аковы.

 

Адчапіся, адхрысціся!

Доляй-казкай счараваны,

Ты яшчэ не дарасціўся

Цвет пасцігнуці жаданы.

 

Бачыш, ночанька, як сажа,

Жджы лепш раніцы, не кветкі!»

Так дух пушчы з пушчай кажа

Чалавеку напаследкі.

 

А ён блудзіць, ходам ходзе

Тамка, тутка, далей, бліжай,

То скрадаецца, як злодзей,

То бярэцца плазам-крыжам.

 

То абыйме дрэва-елку,

То рукамі водзіць пуста,

То пагоніць з хвойкі белку,

То спужае птушку з куста.

 

Пад нагамі мох шапоча,

Лісце ласіцца па твары,

Ён шукае і мармоча,

Як не чуе чараў-мараў.

 

«Прэч, загіньце, ведзьмы, злыдні!

Вунь вам верас, вунь вам лычка;

Ці няўжо вам не абрыдне

Шаматаці мной, як тычкай?

 

Шоў я полем, сенажацяй,

Шоў гарою і далінай,

А тут кветкі не спагнаці,

Хоць хавайся ў дамавіну!

 

А нашто ж мне над калыскай

Аб ёй ночка напявала?

Напявала, што ўжо блізка,

А пасля сама схавала.

 

А нашто ж мне на папары

Насвістоўвала жалейка,

Жальма жаліла на сквары?

Аж і сціхла, дабрадзейка!

 

А нашто ж мне звонам косы

Вызванялі на прасцягу?

Самі выгубілі росы,

Мне пакінулі боль-смагу.

 

А нашто ж мне на вяселлі

Пелі, гралі, чаркі білі?

Самі сціхлі, занямелі,

Мне ўчарашні дзень згубілі.

 

А нашто ж мне на Каляды

Галасілі па-хаўтурну?

Самі вылеглі загладай,

Я ў жальбе снуюся бурнай.

 

А нашто ўсё гаварыла:

Жджы на кветку, на Купалле!

З году ў год чакаю мілай

І шукаю бліжай, далей.

 

Можа, тамка? можа, гэтта?

Пнуся, рвуся ўзад і ўперад —

І на лета, ўсё на лета...

Вязнем я і кветка ў нерат.

 

Не трашчыце, не шасціце,

Сухалесы, пустацветы!

Дайце кветку, дайце жыці,

Не чаруйце у сусветы!

 

Мох, чарнобель, расхіліся!

Кветка, кветка, выглянь смела!

Чорнай кроўю ўвесь абліўся,

Сухажылле зводзіць цела...

 

Стой! Здаецца, вунь зірнула,

Як бы зорка, як бы сонца...

Ах, не тое! Адвярнула!..

— Гэта шышка на сасонцы».

 

І пабег, пабег па лесе,

Закруціўся дымам-пылам,

Стаў, глядзіць, на грудзі звесіў

Галаву над пнём пахілым.

 

А дух пушчы з пушчай разам

Успамінкі ўспамінае

І так далей кажа сказам,—

Ночка слухае нямая.

 

«Вырві сэрца, высуш сэрца,

Запалі агнём, як свечку!

Не глядзі, што кроў сатрэцца,

Не паглядывай на печку!

 

Як ноч прыйдзе, гэта ночка,

Выйдзі з сэрцам, як з паходняй,

Ад кусточка да кусточка

Асвяці мой хорам годне!

 

Так свяці, не бойся мукі,

З верай вернай і надзеяй,—

Кветка прыйдзе сама ў рукі,

Толькі сэрца спапялее.

 

Чуеш гэта, зробіш гэтак?

Будзеш панам, слаўным князем;

А не зробіш — сотні летак

Выць так будзеш паміж вяззем.

 

Прыйдзеш, пойдзеш у нягодзе,

Віцца будзеш, як вужака,

Дзень ці ноч, не скажаш: годзе!

Чахнуць будзеш, небарака!

 

Бачыш, чуеш: царства наша

Вечна, сільна, неўгамонна;

Духа пушчы не застраша

Ні сякера, ні карона.

 

Не ўздымайся сухавейне,

Не вышуківай закляцця!

Скора поўнач, скора пеўні

У тваёй зайграюць хаце».

 

Дух гамоніць, лес трасецца,

Стогнуць хвойкі і асіны,

Шум пакоцісты нясецца,

Як хто гіне або згінуў.

 

Чалавек маўчыць, марудзе,

Ўзад, уперад пройдзе, гляне.

Вось мінута, а штось будзе,

Можа, можа, і дастане...

 

Абы поўнач, як маланка,

Не змахнула цвет закляты,—

Прахам пойдзе ўся гулянка,

Зноў год жджы на гэта свята!

 

Што? Стаіць, глядзіць, о Божа!

Кветка-папараць абходзе,

Зацвіла, як мак, прыгожа,

Як бы сонца на усходзе.

 

Схамянуўся, прэ кустамі,

Як шалёны, прэцца к кветцы;

Лес кусаецца сукамі,

А ён туж дапрэ, здаецца.

 

Раптам певень загалосе

Недзе ў вёсцы, ў роднай вёсцы.—

Ўсё — як сон... не засталося...

Лісць трасецца на бярозцы.

 

Не то з пуду, не то з жалю

Вочы трэ, глядзіць нясмела —

Пуста, дзіка, бліжай, далей,

Толькі штосьці зашумела.

 

Зашумела, замуціла,

Дзікі рогат паплыў рэхам,

Думка сніла, не дасніла,

Паляцела з пушчай смехам.

 

Паваліўся, як сноп жыта,—

Як сноп жыта пры сасонцы.

Крык адно, як звон разбіты:

«Дайце кветку! Дайце сонца!»

 

1911




Беларуская Палічка: http://knihi.com