epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Купала

У бяссонную ноч

Ах, як страшна мне гэта бяссонная ноч!

Колькі мукі, цярпення прыносіць з сабой!

Я змагаюся з ёй, ад сябе ганю проч,

Дый самлела ўпадаю з сваёй барацьбой.

 

Разарваў бы, здаецца, я грудзі свае,

Сэрца б вырваў і кінуў на ўцеху ўрагом...

Дайце смерць, хай не чую, што ноч мне пяе!

Дайце сілы!.. О Божа! Нікога кругом!

 

Ах! што гэта? — Раскрылася неба й зямля,

Ран і пекла змяшаліся ў процьму ў адну,

Здань за зданню паўзе, кожна здань — як змяя,

Тая прэцца уверх, тая ціснецца к дну.

 

Абняліся з сабой у шалёну гульню,

Вочы прыскам зіяюць, з губ коціцца дым...

Гэй, дружкі, што спіцё? Дайце жыва агню!..

Скуль іх столькі ўзяло, што ім трэба усім?

 

Путы звонка бразджаць і ўгары, і ўнізу,

Жудка вісельні граюць, слізгоча пятля;

Той абліўся крывёй, той сцірае слязу...

Што за людзі — звяр’ё?! Ах, якая сям’я!

 

Мілы братка ты мой, ці ты жыў, ці памёр?

Што так плечы сагнуў, як нявольнік дрыжыш?

Грудзі ўпалі твае, рукі цягнеш да зор,

Над табой, прад табой, ах, які чорны крыж!

 

Служка польскага пана, твой брат і мой брат,

З бізуном над табою, як кат той стаіць...

Божа праведны, Божа! над братам, брат— кат!..

І за што ж катам той, а той гэтак цярпіць?

 

А што тут? Разам тут і дзяўчынка-краса...

Я галубіў калісь... Твар чаму твой бляды?

Пакрываўлены грудзі, зблытана каса...

І чаго ж і зашто ты папала сюды?

 

Брат, паэт! І ты тут — як быдлё, ў ланцугах...

Дзе свабодны твой дух, што не рвеш ты кайдан?

Божа! Золата йскрыцца ў кастлявых руках...

Песняй роднай таргуе, як коньмі цыган.

 

Адбіваючы тут жа паклоны плашмя,

Нейкі нехрысць крапідлам махае, пяе

Ды шыпіць, як гадзюка, Хрыстова імя,

І за золата гэта імя прадае...

 

І там здань і тут здань, закружыліся ўкруг,

Кругам труцень у бляшках бліскучых спавіў,

Усіх іх у жалезны ржавелы ланцуг,

Сэрцы рве і грызе, шнурам шыі здавіў.

 

Цень пры цені, над ценьмі той крыж у крыві,

Чорны крыж, як бы змора лунае ў высі,

Як бы змора вісіць... Стогн адно: не даві!

Не губі, да Хрыста сцежку дай, данясі!..

 

Разыграліся гурмай за зданяю здань,

Як вужакі ў гаршку, мітусяцца яны,

Песню выюць хаўтурна: ты ляж, а ты ўстань!..

Здалі чутна, па-воўчаму выюць званы.

 

І пачатку няма і канца ім няма!..

Ці тут ява, ці сон?.. Проч, вы здраднікі, проч!

Ах, скарэй бы дзень вечны, ці вечная цьма!

Яна згубіць мяне, бессанлівая ноч!

 

1913


1913

Тэкст падаецца паводле выдання: Поўны збор твораў. У 9 т. - Т. 3. Вершы, пераклады 1911-1914. - Мн.: Маст. літ., 1997. -342 с. [4] л. іл.
Крыніца: скан