epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Купала

У дарозе

Цёмна, сумна ў сонным полі,

Як скрозь сіта ймжыць імжака;

Воддаль прэе ў лесе лісце,

Як шкілет, тарчаць галіны.

 

Скрыгатаюць грудзі боллю,

Сэрца ссе нуда-вужака,

Звод скрабе ў душы агнісце,—

Будзіць буднія ўспаміны.

 

Еду, пхнуся бітым шляхам,

Па балоце конь плюскоча,

А ноч крадзецца паціху,

Сыпле чары ўлева, ўправа.

 

Пхнуся ўдвойчы з жудкім жахам,

Злыдні зіркаюць у вочы...

Ах, хаця б не дацца ліху!

Но, мой косю!.. Стой!.. Канава!..

 

1918


1918

Тэкст падаецца паводле выдання: Янка Купала. Поўны збор твораў. У 9 т. - Т.4. Вершы, пераклады 1915 -1929. - Мн.: Маст. літ., 1997. - 446 с., [4] л. іл.
Крыніца: скан