Скрыпяць трухляцінай асіны,
Над курганамі звяр’ё вые...
Гасцінцам, церневай пуцінай,
У ёрмах, скованы, скацінай
Ідуць нябожчыкі жывыя.
Ідуць, ідуць... Сярод пустыні
Хрусцяць надломаныя косці,
І качанеюць ногі ў ціне,
І чахнуць вочы ў павуціне,
А шлях — як точаныя восці.
Перад вачамі глуш нямая,
І плач, і скрогат за вачамі;
Пракляцце ў жылах кроў сцінае,
Душу бяссілле вынімае,
Гняце змяінымі кляшчамі.
У грудзі, здаўленыя здрадай,
Упіўшыся рабская трывога
Шыпіць хаўтурнаю загладай;
На небе толькі як прынада,
Бялее млечная дарога.
То там, то сям запаланее
Іскра над скованаю шыяй;
Наскоча пошасць трупавея,—
І царства ночнае шалее,
Над курганамі звяр’ё вые.
[1906-1912]