epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Купала

У шынку

Што заснуў там, шынкар? Гэй, сякі ты, такі!

На стол чаркі! П’юць, знай, нездарма бедакі.

Не нам долю сваю ўспамінаць-праклінаць,

Налівай, выпівай, каб не чуць і не знаць!

 

Ты, музыка, настрой нам скрыпулю сваю,

Я пад звон гулкіх струн аджыву, запяю!

Толькі рэж — не жалей, агнісцей, весялей,—

Так ад самай душы, ад збалелых грудзей!

 

Сірата я сягоння — дзе гляну — вазьму.

Калісь бацьку я меў, пакой вечны яму;

Цягавіт быў, не раз недаспаў, недаеў,

Жаль старога — не ў час ён душой загавеў...

 

Дзе за вёскай пуціны ідуць накрыж дзве,

Там гурбок ты убачыш у цёмнай траве;

Там бярозка, пасаджана мною, шуміць,

Салавейка вясной там спяваці ляціць...

 

...Свой напеў галасіла прадвесне людзям,

Крутавата на вёсцы прыходзілась нам:

Тым няхват хлеба, корму,— падаткі другім

І той сон і спакой аднімалі зусім.

 

І стары мой у гэтым ані не адстаў:

Ледзь хадзіў, уздыхаў, штось пад нос барматаў.

Што рабіць? Есць Красулька — жывёлка адна,

Трэба ў горад, на торг,— няма рады, бяда!

 

Слязіну-гарчыню абмахнуў рукавом,

За вяроўку, за цёлку ды марш пехатом.

Толькі робіцца цёмна ў вачах бедаку:

І чаму ж так ўсё не ручыць мужыку?

 

Вось і горад. Красульку таргуюць,— прадаў,

Барыш лоўкі папіў, грошы добра схаваў,

Машыруе дамоў, падпявае з нуды,—

Хоць на час адкупіцца ёсць чым ад бяды.

 

Многа звера у пушчы ў цёмнай снуе,

Болей злыдняў між намі ё, людзі мае!

Многа сцежак-дарожак ля нас лягло тут,

Толькі з іх мужыку — адны мукі і блуд...

 

Ужо ладна за горад стары адышоў,

Тут за пазуху зірк: што схаваў — не знайшоў!

Ні кароўкі, ні грошы няма ўжо, няма...

Не бяда: дзяга ёсць, ёсць пацеха адна!

 

Мы з дарогі чакаем — і маці, і я;

Дзень, другі не відаць, ажно трэцяга дня

Слых пайшоў па сяле, што ў лясочку пятлёй

Хтось закончыў жыццё — гэта быў... гэта мой...

 

Гэй, што спіш там, шынкар? Гэй, сякі ты, такі!

Болей водкі! П’юць, знай, нездарма бедакі!

Не нам долю сваю ўспамінаць-праклінаць,

Налівай, выпівай, каб не чуць і не знаць!..

 

1909


1909

Тэкст падаецца паводле выдання: Поўны збор твораў. У 9 т. - Т. 2. Вершы, пераклады 1908-1910. - Мн.: Маст. літ., 1996. -342 с. [4] л. іл.
Крыніца: скан