Яшчэ певень пець не масціцца,
Не згасла ніводная зорка,—
У хаце дыміцца газніца,
У хаце ўжо чутна гаворка.
За прасніцай з мяккай кудзеляй
Папрадуха сучыць пры сценцы,
За нітачкай нітачку сцеле,
Вурчыць і вурчыць вераценца.
Хоць мілы сон клеіць павекі,
Хоць будзіць пасцель успамінак,
Дзяўчына сон гоніць наўцекі,
Расце і таўсцее пачынак.
*
А ў полі заходзіцца бура,
Разносяцца жальбы і стогны,
Страхою калоціць віхура,
Дождж хвошча па шыбах сцюдзёны.
Пуцінай брыдзе падарожны;
Куды ён брыдзе, не згадаці,
Паглядкаю сочыць трывожнай
Сцяжыну ў балоцістай гаці.
Над ім неба з хмарамі вісне,
Цямрыца, дзе вокам ні кінуць;
Няўжо ж вогнік з хаты не блісне,
Няўжо ж падарожнаму гінуць?
*
Папрадуху зморы абселі,
Ў руках вераценца не скача;
Галоўку схіліла к кудзелі,
І дрэмле, і сон дзіўны бача.
Ёй сніцца, што знекуля хтосьці
Спяшыць у дарозе дахаты,
Што ён так спяшыць к ёй у госці,
Такі малады і багаты.
І ўсмешка ўсцвіла маладая,
І кроў забурліла крыніцай...
Ёй сніцца... Дый хто там згадае,
Што ўдосвіт папрадусе сніцца?..
1918