epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Купала

Урывак з драматычнай паэмы

ДЗЕЯ ПЕРШАЯ
  З’ява першая
  З’ява другая


 

ДЗЕЯ ПЕРШАЯ

Злева ўправа к ахвярнаму месцу ідуць варажбіты, ведуны і дзяўчаты, пасвечаныя Перуну. Затрымліваюцца пад святым дубам.

 

 

З’ява першая

Баймір

(варажбіт)

Небу і грому,

Сонцу жывому,

Месяцу, зорам

Песню мы творым,

Хай чуе нас мал і вялік!

Хай чуе Пярун-Грамавік!

 

Веру старую

Хай зачаруе

Наша закляцце

Ў полі і ў хаце,

 

Каб зменнікаў цемрай змяло,

Каб ссохла няверы зяло!

 

Хор

Пярун, Пярун, тачы, вастры

Ты востра бліскі, стрэлы,

І здраду звуглі на кастры

На попел амярцвелы!

Пярун, Пярун, Пярун!

 

Няўзіра

(варажбітка)

Ясным дзянніцам,

Цёмным начніцам,

Кветкам і смоўжам

Песню мы зложым

 

Так змірна, так вабна, як сон

Мінуўшых і будучых дзён!

 

Скрэсім святло мы,

Згонім заломы,

Кінем праявы

Шчасця і славы,

 

Каб доля жыла з веку ў век,

Дзе ступіць наш брат чалавек!

 

Хор

О сонца, сонца! глянь з высот,—

Твае к табе йдуць людзі,—

Крый веру іх ад злосных псот,

Пасей ім жар у грудзі!

Пярун і сонца, мейце нас

У вечнай вашай ласцы,

Пакуль на свеце наш папас

І верым песні, казцы!

 

Баймір

Хто мае слух, хай чуе той,

Хто мае вочы, хай глядзіць!

Хто веры не згубіў святой,

Няхай не важыцца згубіць!

 

Ад колькі пор я маю весць,

Благую весць — пасведчу вам —

Бог нейкі новы хоча ўзлезць

Да нас на здзек старым багам.

 

З поўдня і з захаду, як Збой,

Брыдзе і след крывёй слядзіць...

 

Хор

Хто мае слух, хай чуе той,

Хто мае вочы, хай глядзіць!

 

Баймір

Ва ўсе бакі сваіх шле слуг,

А тыя скрозь нясуць пажар,

Багоў старых мятуць, як мух,

І ўзносяць новаму аўтар.

 

Ужо адзін такі пасол

Забрыў і ў нашу сцішну глуш,—

Блукае між сяліб і сёл

І зводзіць слабых, кволых душ,

 

Ужо ў адзін род гэты вой

Патрапіў здраду засадзіць...

 

Хор

Хто мае слух, хай чуе той,

Хто мае вочы, хай глядзіць!

 

Баймір

Штось хоча нам сказаць Няўзіра...

Кажы, пакуль пачнём мальбу!

 

Хор

Кажы, кажы! мы просім шчыра!

Суседскай просьбай не ганьбуй.

 

Няўзіра

Ёсць світанне, ёсць змярканне,

Па змярканні — зноў світанне.

Зорка згасне—дзве ускрэсне,

Згубіш песню — знойдзеш песню.

Крэпкі стрэлы Перуновы,

Каб скрышыў іх бог той новы.

А хоць прыйдзе, хоць засядзе,—

Наш Пярун з ім на пасадзе

Красавацца векі будзе,

Векі будуць верыць людзі.

Толькі ты, вядун прарочы,

Штось ад нашых крыеш вочаў,

Праўдзе ў вочы глянуць трусіш,

Хоць сказаць павінен, мусіш!

Дык кажы нам, чараўладзе,

Што хаваеш у паглядзе?

 

Хор

Дык кажы нам, чараўладзе,

Што хаваеш у паглядзе?

 

Баймір

На небе зоры — многа зор,

На землях горы — многа гор,

На сэрцы раны — многа ран,

Каму закон лічыць іх дан?!

 

Няўзіра хоча аж да дна

У жыцця заглянуць дзярно...

Няхай жа кажа ўсё спрытна,

Яна ўсё ведае даўно!

 

Не крыю праўды я святой,

Крывой пуцёй не ўмеў хадзіць...

 

Хор

Хто мае слух — хай чуе той,

Хто мае вочы — хай глядзіць!

 

Няўзіра

Мы йшлі, ідзём з табой, Баймір,

На службу сонцу й Перуну;

Ці то на месяц, ці на вір —

Малітву творым мы адну.

 

Мы чулі, чуем твой наказ,

Ты павадыр наш і прарок!

Паслухай жа цяпер і нас,—

Няўзіра кажа неўнарок.

 

Я знаю,— знаюць гэта ўсе,—

У цябе ёсць гожая дачка,—

Яна, як мак, цвіце ў красе,

Сваты плывуць к ёй, як рака.

 

Яна ўсім дзякуе за чэсць

І адпускае ўсіх з нічым,

А ходзяць чуткі, ходзіць весць

Аб ёй і родзічу адным.

 

Дзяцюк завецца Зямігуд —

Лагойдаў роду і плямя,

А як ідзе слух там і тут —

Лагойдаў здрадная сям’я.

 

Вястун, што нашых хат, палёў

Дасціг і павуццё пусціў,—

Ён Зямігуда з поля звёў

І новым богам аплуціў.

 

Буслай — так клічуць Збоя ўсюды,

Твой род, Баймір, ён хітра губіць...

Лунянка любіць Зямігуда,

А Зямігуд Лунянку любіць!

 

Хор

Лунянка любіць Зямігуда,

А Зямігуд Лунянку любіць.

 

Няўзіра

Сягоння будзе ён з сватамі —

Багатых дараў прынясе,—

За ім другі з сваймі сябрамі

Прыбудзе дань аддаць красе.

 

Ты выбар будзеш мець тугі

Між двух мужоў Лунянкі мілай...

Вайдан завецца той другі,

А род вядзе свой ад Гасцілаў.

 

Ён служыць Перуну душой,

Ён продкаў веры не зганьбіць.

 

Хор

Хто мае слух, хай чуе той,

Хто мае вочы, хай глядзіць.

 

Баймір

Браты і сёстры, клічу вас

На сведкі сведчыць гэты раз;

Няўзіра праўду кажа тут.

Двух іх— Вайдан і Зямігуд

Маёй Лунянцы зложаць дар

Багатых скрынь і сэрцаў жар.

Чый будзе верх, хто будзе зяць —

Яшчэ не час гадаць, казаць!

Магутна сіла Перунова,

Яна тут скажа сваё слова,

Яшчэ да вечара далёка,

Яшчэ не дрэмле сонца вока.

Развеем думак чорных хмару,

Пайдзём чыніць багам ахвяру.

За мной кажыце загавор —

Заклён, праклён на чорны бор,

На блудны яр, на скрутны вір,

Увысь і ўнізь, удоўж і ўшыр!

 

Хор

З палёў, лясоў, з далін і гор,

У косах сонц, у кветках зор,

У горкі сум, у шчыры смех

Ідзём, брыдзём шукаць пацех.

Ад нашых хат, ад нашых гумн

Ідзём, брыдзём к табе, Пярун,

Пастыр адвечны грозных хмар,

Маланак, грому уладар!

Ідзём, брыдзём к табе, Пярун!

 

 

З’ява другая

Лунянка, дружкі.

 

Лунянка

Кветкі нясу я,

Кветкі багам.

Хай жа красуе

Гэта ахвяра!

Сэрцу — каханне,

Слёзы — вачам,

Аж да сканання

Ходзяць у пары.

Там, на магіле,

Там, на кургане,

Кветкі расцілі

Смерць і каханне.

Лепшага дару

Ў свеце не будзе

Богу ў ахвяру,

Што носяць людзі.

 

Хор

Белая ў возеры лебедзь,

Белая ў рэчцы лілея,—

Наша Лунянка бялейша,

Снежнаю беляй бялее.

 

Ясныя зоркі на небе,

Ясна ў крыніцы вадзіца,—

Вочы ў Лунянкі яснейшы,

Сонца ў вачах ёй глядзіцца.

 

Звонка кукуе зязюля,

Звонка звініць салавейка,—

Голас Лунянкі званчэйшы,

Голас Лунянкі — жалейка.

 

Многа цвяточкаў у цвецень,

Многа цвяткоў ў сенажаці,—

Гэтакі цвет, як Лунянка,

Толькі на небе шукаці!

 

Месяц да любай заранкі

Ходзіць ноч кожну у сваты;

Едуць у сваты к Лунянцы

Два дзецюкі-арляняты.

 

Кожны багатыя скарбы —

Сэрца і золата груду —

Зложыць Лунянцы пад ножкі

Ды будзе ждаці прысуду.

 

Ой, ды хто будзе шчаслівы,

Каму Лунянка захоча

Сонечны косы расплесці,

Даці вяночак ахвоча?!

 

Лунянка

Дзевачкі, сястрыцы,

Кветачкі, зязюлі,

Што вы, красавіцы,

Гэтак наманулі?

 

Чым ваша Лунянка

Заслужыла гэта?

Кожна з вас — заранка,

Кожна — кветка ў лета.

 

Не кажыце болей

Мне такіх пахвалаў,

А то ўцяку ў поле,

Васількі дзе рвала.

 

Хор

Не будзе уцякаці,

Луняначка, ад нас!

Мы ў полі, мы і ў хаце

Знайдзём у кожны час.

 

Чакай, глядзі: з-пад дуба

Каб не было бяды!

Паходкаю нялюбай

Няўзіра йдзе сюды.

 

Ідзе сюды Няўзіра,

Не любім мы яе,

Глядзіць яна няшчыра,

Няшчыра і пяе.

 

Нядобрае штось носіць

У думках, у душы,

Бог сэрца ёй за штосьці

На камень засушыў.

 

Не вер ты ёй, Лунянка,

Здалёк яе абходзь!

Благі йдзе чар з паганкай,

Нясе благую зводзь.

 

Лунянка

Лісць шырокі на каліне,

А шырэйшы — на дубочку;

Адзінокі на галіне

Кліча голуб галубочку.

 

А над імі паверх поля

Ястраб лётае ў загоне;

Галубкоў пільнуе доля

І ад крыўды убароне.

 

Ідзіце, сястрыцы,

Ідзіце, не жджыце,

Багам памаліцца,

Ахвяры злажыці.

 

Не бойцесь, нічога

Благога не будзе!

Не скрыўджусь ад бога,

Не скрыўдзяць і людзі.

 

Хор

Сцеражыся, Лунянка,

Сцеражыся Няўзіры!

Дружба з ёй не гулянка,

Чорны бог яе вырыў.

 

Сцеражыся, Лунянка!

Ждуць цябе шуры-буры.

Будзе ведзьмам гулянка,

Будуць гулі, віхуры!

Сцеражыся, Лунянка!

Дзіў на полі хіхоча,

Патароча-звадзянка

Зазірае у вочы!

 

Лунянка

(адна)

Ці то ява, ці мо сон

Аплялі з усіх старон?

Дзе ні стану, дзе ні гляну,

Поўны думкі дурнап’яну.

Сэрца б’ецца ад трывогі,

І няма ніякай змогі

Ваяваць сама з сабой,

Са сваёй нудой, жальбой!

Скуль такія зморы, чары

Абступілі хмарнай хмарай?

Муцяць, мучаць без упыну,

Хоць валіся ў дамавіну!

Гэта, кажуць, любата

Мучыць сэрца не спуста.

Ой, чарнявы Зямігудзе,

Што-та будзе, што-та будзе?

Не на шчасце ўсё варожа,

Хіба ты паможаш, божа!..

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 


1910-1911?

Тэкст падаецца паводле выдання: Купала Я. Поўны збор твораў: У 9 т. - Т. 7. Драм. паэмы і п'есы. - Мн., Маст. літ., 2001. - 399 с. [4] л. іл.
Крыніца: скан