epub
 
Падключыць
слоўнікі

Янка Купала

Усе разам

Гэй жа, брацці, ўсе мы разам,

Песню запяём,

Дружна, смела, на свет цэлы

Аб жыцці сваём!

 

Аб тых хмарах, што так ходзяць

Над нашай зямлёй,

Аб той хатцы, што дзюравай

Свеціцца страхой.

 

Аб той зорцы, што так часта

Ажыўляла нас

І душу надзеяй светлай

Вабіла не раз.

 

Вабам шчасця і дастатку

Падклікала ўсяк,

Аж ізноў тачыць стаў сэрца

Нядолі чарвяк.

 

*

Гэй жа, брацці, ўсе мы разам

Песню запяём,

Дружна, смела, на свет цэлы

Аб жыцці сваём!

 

Аб той славе небывалай

Нашае зямлі,

Дзе мы долю пахавалі,

Скуль бяду ўзялі;

 

Аб той працы неаплатнай,

Крыўдзячай не раз,

Што так потам, мазалямі

Пацяшае нас.

 

Як нядолю сваю бачыць,—

Не магчы ж змагаць,—

Думы, сілы маладыя

Дарма марнаваць.

 

 

*

Гэй жа, брацці, ўсе мы разам

Песню запяём,

Дружна, смела, на свет цэлы

Аб жыцці сваём!

 

Хай імчыцца наша песня

Птушкай па-над гай,

Дзе бяжыць бурлівы Нёман,

Дзе наш родны край!

 

Хлопец стройны коні пое

Тамака ў браду,

А прыгожая дзяўчынка

Чэрпае ваду.

 

І адно так на другое

Міленька глядзяць,

Аж іх вочкі, быццам зоркі,

Ясна мігацяць.

 

*

Гэй жа, брацці, ўсе мы разам

Песню запяём,

Дружна, смела, на свет цэлы

Аб жыцці сваём!

 

Даляціць мо наша песня

Да забытых сёл,

Дзе яе сусед пакліча,

Павядзе за стол.

 

Хлебам, соллю прывітае,

Чарку паднясе...

Будзе песня красавацца,

Як жытцо ў красе.

 

Нам тады ўсім будзе слава,

Не было якой...

Дык запейма, хай імчыцца

Нашых песень рой!

 

1906




Беларуская Палічка: http://knihi.com