epub
 
Падключыць
слоўнікі

Янка Купала

Ўспомні!..

Ул. Станкевічанцы

 

Ўспомні, як згубіш крыллі арліны,

Што моц у высях даюць лунаць,

І сіл не хопіць табе, дзяўчына,

Свет і самую сябе змагаць!

 

Ўспомні, як сетку з пут павуціных

Мачыха-доля спляце у жыцці,—

Як на расстайных станеш пуцінах

не згадаеш, кудой пайсці!

 

Ўспомні, як згубіш ворага й друга,—

Жыць пачнеш ценем з-пад курганоў

Без веры ў шчасце, без верных слугаў —

Думак дзявочых, дзіцячых сноў!

 

Ўспомні, як ночка ляжа навокал,

Вецер засвішча ў хаўтурны тон,

А сэрца дрогне, бы ў клетцы сокал,

І ў душы ўскрэсне здань быўшых дзён!

 

Ўспомні, не ў хвілю радасці дзіўнай,—

З іншым раздзеліш радасць сваю,—

І не мяне ты ўспомні, дзяўчына,—

Ўспомні, от... гэту думку маю!

1914




Беларуская Палічка: http://knihi.com