epub
 
падключыць
слоўнікі
 

Янка Купала

Уступ да паэмы Курган

І
ІІ


І

Скінь, мой дружа, пыху з сэрца,

Скінь, вазьмі паслухай,

Што хачу тут расказаці

Думкай-маладухай.

 

Так, па-простаму, па-свойску —

Не магу іначай —

Стану баіць, гаманіці

Аб жыцці лядачым.

 

Сэрца сэрцам закалыша,

У душу загляне,—

Клок жыцця людскога возьме

І варочаць стане.

 

Хоць жа высмееш мо слова,

Злосці кінеш грудай,—

Хай па-твойму будзе, дружа,—

Жалю мець не буду.

 

Вось, калісьці, як узваліш

Лет на плечы многа,

Ўспомніш гэту казку-праўду

І ўздыхнеш з трывогай.

 

Курганоў-магіл без ліку

Накапаюць людзі,—

Ўсё схаваюць — шчасце, волю,—

Праўда жыці будзе.

 

ІІ

Там, дзе Нёман віці гоне,

Дзе Вілля лялее,

Там, дзе песня аб Дунаю

Век плыве, як вея,—

 

Ў гэтым краі, ў Беларусі

Чаго ты не ўбачыш!

Ажна сэрца затрасецца

І душа заплача.

 

Ці то пушча, ці то поле,

Ці гасцінец біты,—

Ўсё аплакана людзямі,

Ўсё слязьмі абмыта.

 

На свет вывесці ўсё чыста,

Свету апісаці,—

З сэрца мусіш мець паперу

Ў кроў пяро мачаці.

 

Сумаваці мусіш гэтак,

Як сумуюць хмары,

І зіхцець, як зіхацяцца

Сонцавы пажары.

 

Як твой воблік запануе

Зорна і крывава,—

Мо тады калі што выйдзе,

Мо дакажам славы.


1909

Тэкст падаецца паводле выдання: Купала Я. Поўны збор твораў: У 9 т. - Т. 6. Паэмы, пераклады. - Мн.: Маст. літ., 1999. -430 с. [4] л. іл.