epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Купала

Ужо днее

З-над сонных вод Нёмна, з-пад хвой Белавежы,

Суседзі, суседкі, вітаю я вас!

Блудзіла я доўга па рытвах, па межах,

Аж сцежку-дарожку знайшла во хоць раз.

 

Хоць, пэўна, вы знаеце, хто я такая,

Якім правам тут перад вамі стаю,

Дзе дом мой, народ мой,— з якога я краю,—

Паслухайце смутную повесць маю.

 

З канца у канец, дзе загнанае слова

Звініць беларуса,— ўладанне маё;

Шмат сотняў таму лет у хаце вясковай

Ўзяла і праводжу сваё я жыццё.

 

З-пад гэтай хаціны па выдмах нязнаных

Ганялі, чаго не згубіла, шукаць.

Глядзіце: во рукі і ногі у ранах,

А раны на сэрцы — каму ж іх паняць?!

 

Па грудах, каменнях хадзіла я босай,

Крывёю чырвонай дабрыла зямлю;

На шаты мае паглядалі з’укоса

І песню з насмешкай віталі маю!

 

З балотам мяшалі, пагардай плявалі

Ўсе тыя, што выраслі нават са мной!

З маім людам згінуць навек мне казалі,

І страшна было мне так жыць сіратой!

 

За сошкай, за коскай, з сярпом і з сякерай

Я шла-валаклася, дзе шоў мой народ;

Заплатай было, што ён часам мне верыў

І думкі снаваў аба мне з году ў год.

 

Шлі векі. Магіла лягла пры магіле,—

Вада змыла наспы, крыжы пагнілі;

Гаротнасцяй зможаны, ў крыўдзе, ў бяссіллі

Там прадзедаў косці без часу ляглі.

 

Шлі векі. Хрэст брала народнай слязою;

Між віхраў, і бураў, і холаду зім

З людской неразлучны ўзяла шлюб бядою,

І тузаюць мной, як народам маім.

 

Здушылі мне голас на родных на нівах;

Крыж цяжкі упадку з народам нясла,

І думаў чужынец, што ўжо я няжыва.

Не верце! Жыву, як ад векаў жыла!

 

Я ўсё, колькі сілы, змагала, ўставала!

Я жыва! Народ мой са мною, пры мне!

Я ўсё перанесла і выйшла я з хвалай,

Я сільна, я вечна ў сваёй старане!

 

Прайшло засляпенне, мінае трывога;

На небе ўжо новая відна зара.

Шырок прада мною гасцінец-дарога.

Ўжо днее! ўжо днее! — к сваім мне пара!

 

[1908]


[1908]

Тэкст падаецца паводле выдання: Поўны збор твораў. У 9 т. - Т. 2. Вершы, пераклады 1908-1910. - Мн.: Маст. літ., 1996. -342 с. [4] л. іл.
Крыніца: скан