epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Купала

Ваўкалак

Як змеркне, як ноч дзень зваюе

І зораў паявіцца знак,

Па нівах, па сёлах шнуруе

Туды і сюды ваўкалак.

 

У поўнач на пні і на сталі

Знімае, ўздзявае свой від;

Не кеміць ні крыўды, ні жалю,

Ні наспаў магільных, ні пліт.

 

На веры людской і павазе,

Хаваны між яраў і лоз,

У кожны надворак залазе

І водзіць труслівасць за нос.

 

Паношыцца ў кожнай прыгодзе,

Смяяцца не дасць над сабой;

Малітвы на губы наводзе,

Як лістам, трасе цемнатой.

 

Ці з ласкай яго, ці няласкай —

Рахунак вядзе забабон;

Складаецца казка за казкай,

Падданых з’ярміў ён мільён.

 

Лет тысячы з’ела няпамяць,

За богам узводзіцца бог,

Сто ўспелі праўд новых спаганіць

Ніхто ваўкалака не змог.

 

Як толькі зямля заначуе

І зорак абойдуць рады,

Па нівах, па сёлах шнуруе,

Шнуруе туды і сюды.

 

[1911]


[1911]

Тэкст падаецца паводле выдання: Поўны збор твораў. У 9 т. - Т. 3. Вершы, пераклады 1911-1914. - Мн.: Маст. літ., 1997. -342 с. [4] л. іл.
Крыніца: скан