epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Купала

Вячэрняя малітва

Як летняе сонца свае згасіць косы

І кветкі нябесны зайграюць нясмела,—

Ноч сее тады серабрыстыя росы,

Над логам звісае туманнай пабелай.

 

Ад бледнага месяца бледныя цені

З сялібаў і пушчы кладуцца на гоні;

Як цені мінуўшых даўно пакаленняў,

Устануць, пастануць слупамі ў прасонні.

 

Цікавая думка над сном усплывае,

Вяртаецца з цішай і просіцца ў сэрца,

Дзе ласкай світае, як байка жывая,

І вогнікам ціхім навокала ўецца.

 

Малітва вячэрняя ў той час выходзе,

Ахвярна кладзецца на спячыя далі,

І пасмай няўгледнай да зорак на ўсходзе

Плыве і мяняецца ў кветным крышталі.

 

О, будзь вечна слаўнай, вячэрняя ціша

З планетнай зарніцай і месяцам бледным!

Хай песня спакою душу укалыша

І вынесе чыстай над шумам пабедным!

 

1911


1911

Тэкст падаецца паводле выдання: Поўны збор твораў. У 9 т. - Т. 3. Вершы, пераклады 1911-1914. - Мн.: Маст. літ., 1997. -342 с. [4] л. іл.
Крыніца: скан