epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Купала

Вясна 1915-ая

Дык вось жа як прыйшла яна — жаданая вясна —

Ў кароне з зелені і кветак, з пошаптам бяроз!

Ядыная з паміж былых сясцёр сваіх яна:

Не развясельвае душы і не ўцірае слёз.

 

Не росы зіхацяцца брыльянцістыя на ёй,

Не росамі палеткі збожны свенціць на зямлі,

А йрдзіцца ўся гарачаю чырвонаю крывёй,

Крывёй палошча ўсходы, што ўзышлі і... не ўзышлі!

 

Не з сонцам выйшла блаславіць аратага арбу,

Не сонцам туліцца да скрыўджаных сяліб і хат,

А грознымі пажарамі распачала сяўбу,

Пажарамі-зніштожаннем святкуе свята свят!

 

Не выйшаў сейбіт на загон, як ён калісь ішоў,

Каб з верай і надзеяй кінуць зерне на прыплод,—

А сее... от, абы!., бо сеяць звык ён з прадвякоў,

Хоць і не знае, хто пажне, хто з’есць яго ўмалот.

 

І хаты майскім дзераўцом не ўмаіў селянін,

Як прадзеды умайвалі, як вучыць абычай...

Спытай: Чаму аб спадчыне бацькоў забыў так сын?

Адкажа: Ведама — жалобу носіць наскі край!

 

Перапалохана кабеціна з дзяцьмі на шлях

Ідзе штодзень пад крыж і пазірае ўдаль;

Прагледзела ўжо вочы — ўсё ж надзея тліць ў грудзях,

Праслухала і вушы ўжо, а слухае на жаль...

 

Дзяўчына, распусціўшы косы, вылецела ў бор

І, прытуліўшысь к дрэву, песню жудкую пяе,—

Не то падладжваючыся пад хаўтурны хор,

Не то спраўляючы ў бары заручыны свае.

 

А бусел, што на пірамідах зімку зімаваў,

А лета летаваць у любы край свой прыляцеў,—

Здзівіўся, пасмутнеў... сваёй мясціны не спазнаў

І не знайшоў гнязда свайго, што летась яшчэ меў.

 

Адно балюе баль звяр’ё з сну збуджана ў лясах.

Пажывы на пабоішчах скрозь маючы ўдаволь,

Ды груганы, што костачкі збіраюць па палях,

Не пашкадуюць, што жылі ў такі ўсясветны боль.

 

Дык вось жа як прыйшла вясна жаданая на свет,

Калоцячы, як ліпай, змучанай зямлёй да дна.

Крывёй, пажарам, пошасцяй — людзям яе прывет,

А напіс на яе агнёвым знамені: Вайна!

 

1915


1915

Тэкст падаецца паводле выдання: Янка Купала. Поўны збор твораў. У 9 т. - Т.4. Вершы, пераклады 1915 -1929. - Мн.: Маст. літ., 1997. - 446 с., [4] л. іл.
Крыніца: скан