epub
 
Падключыць
слоўнікі

Янка Купала

Вецер, і сокал, і я...

І вецер, і сокал, і я —

Сыны адной долі-жыцця,

Наводзім маркотныя мы

І думы, і песні адны.

 

*

Разняў вецер крыллі свае,

Ляціць, і шуміць, і пяе;

Пяе а свабодзе сваей,

Пяе а няволі людзей.

 

*

Як вецер, і я б так ляцеў,

Як вецер, аб тым самым пеў,

Як вецер, свабодны мой дух,

Хоць рукі закуты ў ланцуг.

 

*

Пад зорамі сокал завіс,

Глядзіць па-арлінаму ўніз.

Там сокалу свету не жаль;

Мілей яму небная даль.

 

*

Як сокал, і я б мкнуў да зор:

Там сонца, раздолле, прастор;

Без жалю б пакінуў зямлю,

І хатку, і долю сваю.

 

*

І вецер, і сокал, і я —

Сыны адной долі-жыцця;

Наводзім маркотныя мы

І думы, і песні адны.

[1906-1907]


[1906-1907]

Тэкст падаецца паводле выдання: Купала Я. Поўны збор твораў. У 9 т. - Т. 1. Вершы, пераклады 1904-1907. Мн., Маст. літ., 1995. -462 c. [4] л. іл.
Крыніца: скан

Беларуская Палічка: http://knihi.com