epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Купала

Водклік з 29 кастрычніка 1905 г. у Мінску

Божа наш, Божа, што гэта будзе,

Што гэтак сталі таннымі людзі?

Царскія слугі б’юць іх, страляюць

І сваіх браццяў за сабак маюць.

А за што ж гэта? — ўсё за свабоду,

Што ў моры фальшу йшлі шукаць броду.

Люд збудзіць хоча праўду з магілы,

Каб не марнелі думкі і сілы,

Меў бедны ўволю грошы і хлеба,

Бо й бедным такжа шмат чаго трэба,

Дарма, што бедны, дарма, што ўбогі,—

Трэба капоту, лапаць на ногі,

Пачак запалак, пачак табакі,

Чарку гарэлкі зглуміць усякі,

Булку і скварку трэба на свята

Пачаставаці кума ці свата...

Шмат чаго трэба. Цар жа бічуе,

А бедны з гора бічу не чуе.

Росціць надзею рай мець за слёзы.—

Што вясна будзе, знікнуць марозы.

І хоць за праўду гіне нявінна,

Смела йдзе ў бойку... Так быць павінна.

 

Вось як анэгдай бліз было вакзала:

Крыві нямала зямля папівала;

Трупаў, калекаў няшчасных без ліку

К зямлі прыпала, а з енку і крыку

Вокал гудзела, як дзе на пажары,

Аж нават сонца схавалася ў хмары.

Сышліся цешыцца з царскага ўказу,

Што ўсім свабоду прыносіў адразу.

Кожны па-свойму судзіць стаў аб гэтым:

Ці ўказ праўдзівы, ці будзе прасветам

У нашым горы, у нашай няволі,

Ці ўжо кайданаў не ўзложаць ніколі?..

І ў гэтым, можа, сказаў хто замнога...

Аж тут зброд царскі, забыўшыся Бога,

Дай жа страляці, як па скаціне,—

За пробліск волі няшчасны люд гіне.

 

Вось тут пазнай, ці свабоду нам далі,

Ці ашуканствам у бойню загналі?

Цяпер жа ўсякі па-свойму тут судзе:

Адны талкуюць, што горш яшчэ будзе,

Што — цяпер стрэльбы грымяць каля хатаў

Будуць жа потым паліць і з гарматаў.

А іншы кажа, што цар нацарыўся,

Што досыць крыві ён нявіннай напіўся,—

Нібы без цара абыцца ён можа.

 

А хто ж драць будзе, як цар голаў зложа?

Цяпер жа ты цвярозы ці упіўся,

Цар ёсць з табою, ва ўсё ён убіўся.

Калі ў свабодзе такой пажывецца,

То і за сонца плаціць давядзецца.

 

[1905]


[1905]

Тэкст падаецца паводле выдання: Купала Я. Поўны збор твораў. У 9 т. - Т. 1. Вершы, пераклады 1904-1907. Мн., Маст. літ., 1995. -462 c. [4] л. іл.
Крыніца: скан